Пошук

12.08.2019 12:31   Тэкст: Юля Алейнікава / Фота: Рыта Ляховіч / Catholic.by

«Не бойся, малы статак…» (Лк 12, 32). Менавiта гэтыя словы з нядзельнага Евангелля сталi лейтматывам сапраўды гiстарычнай падзеi, якая адбылася 11 жніўня ў Чэрыкаве, раённым цэнтры на ўсходзе Магілёўшчыны.

У гэты дзень а 16-й гадзiне ў нядаўна вернутым мясцовай каталіцкай супольнасці касцёле Найсвяцейшага Iмя Божай Маці адбылася першая за амаль 70 гадоў святая Iмша, цэлебрацыю якой узначалiу дапаможны бiскуп Мiнска-Магiлёўскай архідыяцызii Аляксандр Яшэускi SDB, Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці.

Амаль 70 гадоў таму у гэтым невялiкiм райцэнтры на ўсходзе Беларусi згасла лампада Вечнага святла пры табэрнакулюме і пачалася доўгая «ноч веры» для мясцовых католікаў.

У гэты час вялося зацятае змаганне з рэлігіяй і Касцёлам. Святыня ў Чэрыкаве, пабудаваная ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, была перетворана ў кiназалу. З фасада знiк крыж, і нiшто не павiнна было нагадваць людзям пра веру ў Бога.

Але «у Бога няма нiчога немагчымага…» У першай пасля вяртання зачыненага на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў касцёла вернікам святой Імшы ўзялi удзел трынаццаць мясцовых парафiянаў разам са сваім душпастырам, ксяндзом Паўлам Адамовічам. Чэрыкаўскіх братоў і сясцёр у Хрысце прыехалi падтрымаць і падзяліць з імі радасць вернiкi з Магiлёва з айцом Раманам Шульцам ОР.

Такім чынам, супольнасць вернікаў і касцёл у Чэрыкаве абудзiліся да новага жыцця.

Жыхары райцэнтра са здзіўленнем глядзяць на тое, як дзверы былога Дома культуры, што ў апошнія тры гады былі пастаянна зачыненыя, адчыніліся насцеж, а ў будынку ўжо два тыдні кіпіць новае, Божае жыццё.

У прамоўленай з гэтай нагоды падчас святой Імшы ў чэрыкаўскай святыні гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі зазначыў:

«Сёння ў Эўхарыстыі мы асабліва жадаем падзякаваць, перапрасiць, праслауляць, прасiць. Гэта тыя чатыры „П“, дзеля якiх чалавеку, які шукае Бога, патрэбны касцёл.

А пераадоленне цяжкасцяў — гэта Божая справа».

Сваімі аптымістычнымі словамi, скіраванымі да ўдзельнікаў святой Імшы, бiскуп Аляксандр умацаваў у іх надзею на далейшае развiццё адроджанай парафii. Магутны штуршок для развіцця каталіцкай супольнасці ў Чэрыкаве — магчымасць зноў прыходзiць на сустрэчу з Хрыстом у дом Божы, як і калiсьцi, амаль 70 гадоў таму…

На заканчэнне цэлебрацыі пастыр падзякаваў уладам райвыканкама і аблвыканкама за перадачу будынку касцёла яго законным спадакаемцам і выказаў спадзяванне на тое, што так будзе і з іншымі будынкамі касцёлаў на ўсёй Магілёўшчыне.

Няхай сёння ў Чэрыкаве зусім нешматлікая парафія, але і гэты «малы статак» можа стаць пачаткам вялікай справы новай евангелізацыі ў нашай краіне, якая яшчэ не адышла ад атэістычнага дурману мінулых дзесяцігоддзяў.

Абноўлена 12.08.2019 12:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця