Пошук

07.08.2019 13:07   Тэкст: Ірына і Дзмітрый Лісічкіны / Фота: Юрый Гарбацюк / Catholic.by

З 2 па 4 жніўня ў Баранавічах праходзілі рэкалекцыі для сем’яў руху Equipes Notre-Dame (супольнасць Маці Божай). Сёлета яны адбыліся пад назвай «Быць жывымі!».

Праводзіў рэкалекцыі кс. Андрэй Калядка, даўні сябар гэтага сямейнага руху на Беларусі. Такія духоўныя практыкаванні ладзяцца амаль пятнаццаты год, а асаблівай іх адметнасцю летам з’яўляецца тое, што сем’і прыязжаюць разам з дзецьмі, для якіх падчас рэкалекцый працуюць аніматары. Такім чынам бацькі праводзяць час за слуханнем канферэнцый, а дзеці маюць магчымасць адпачыць у новым асяроддзі. Супольная малітва, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і перажыванне святой Імшы яднаюць усіх прысутных у адну вялікую сям’ю святога Касцёла.

На канферэнцыях уздымаліся пытанні ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей, а таксама мужа і жонкі.

Прысутныя дзяліліся сваімі сведчаннямі, кожны мог адкрыць для сябе штосьці новае і, звяртаючы ўвагу на вопыт іншых сем’яў, перагледзець сваё ўласнае жыццё і свае адносіны ў сям’і, адносіны з Богам, сваю малітву, свой пост, свае ўласныя ўчынкі міласэрнасці. Дапоўніў духоўныя практыкаванні вясёлы вечар з танцамі і гульнямі.

Удзельнікі рэкалекцый падзяліліся сваімі сведчаннямі аб перажытым часе.

Таццяна і Мікалай Меляшкевічы, якія каторы год запар з’яўляюцца арганізатарамі і адказнай парай руху за правядзенне гэтых сустрэч, кажуць: «Рэкалекцыі для нас — гэта заўсёды радасць! Дзесяць гадоў таму ці год, нядзеля — гэта цудоўны час: новыя сябры, новы вопыт, шчырыя сведчанні, спевы, малітва, шчаслівыя твары мужа і жонкі, дзяцей. Мы па-новаму глядзім на многія справы і рэчы, заўважаем галоўнае.

Як казаў кс. Андрэй Калядка: “Пасля рэкалекцый прыязжаем дадому такія ўзвышаныя, натхнёныя, але потым ізноў абавязкі, розныя справы, і ўжо недзе злосць, грубае слова… Але гэта марнасць. Трэба клапаціцца пра духоўнае!” Будзем старацца маліцца, дапамагаць адно аднаму ў сваіх пастановах.

Нас вельмі натхняюць іншыя сем’і, іх прыклад, адносіны. І, канешне, гэта час малітвы, размовы з Езусам.

Вядзі нас, кіруй намі, хочам быць Тваёй прыладай. Дзякуем рэкалекцыйнаму дому ў Баранавічах, які заўсёды гасцінна і з радасцю чакае і сустракае нас. Будзем маліцца, каб такія дамы будаваліся, гэта добрая справа! Хвала Пану!»

Вольга і Мікіта Саладкевічы адзначылі: «Выехалі з Баранавіч перапоўненыя любоўю. І адразу зразумелі, што Бог быў сярод нас, бо Бог — гэта любоў! А яшчэ мы заўважылі, што ва ўсіх нашых сем’ях вельмі клапатлівыя мужы: калі заплача дзіця, то першым падыходзіць тата, і толькі калі ён не справіцца, тады ўстае мама. І гэта так добра!»

Сям’я Ганны і Андрэя Зубікаў падзялілася такім сведчаннем: «Рэкалекцыі — гэта час духоўнага яднання. Гэта вялікая моц для нашай хрысціянскай сям’і, бо пачынаеш інакш глядзець на мужа ці жонку, імкнешся лепей зразумець адно аднаго, заўважаеш рэчы, на якія раней не звяртаў увагу. І гэта ўсё дзякуючы Пану Богу, Яго вялікай любові да ўсіх нас!»

Кацярына і Артур Ваяводскія кажуць: «Прыязжаем на рэкалекцыі ўжо не першы раз, але заўсёды прывозім дамоў новыя ўражанні. Гэты час як глыток свежага паветра сярод нашых будняў. Гэты час бясцэнны для нашых сямейных адносін, якія аднаўляюцца разам з Богам».

Алена і Генадзь Манчынскія адзначылі: «Для нас рэкалекцыі — гэта нагода яшчэ раз задумацца над тым, што здаецца даўно знаёмым і вядомым. У сілу свайго эгаізму мы вельмі часта думаем, што тое, што ўжо чулі альбо чыталі, не варта нашай увагі, што ўжо нічога з гэтага не возьмеш. І гэта вельмі вялікая памылка.

На гэтых рэкалекцыях мы яшчэ раз пачулі тое, што ведалі вельмі даўно, але чамусьці толькі зараз глыбока ўсвядомілі. Праз шмат гадоў мы сапраўды пачулі!

Вельмі спадзяемся на добрыя плёны гэтых рэкалекцый!»

Завяршыліся рэкалекцыі супольнай святой Імшой і благаслаўленнем кс. Андрэя Калядкі. Натхнёныя Святым Духам, сем’і раз’ехаліся па сваіх дамах, але дамовіліся абавязкова сустрэцца ў Нясвіжы, дзе 7 верасня адбудзецца святкаванне 15-годдзя руху END на Беларусі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.