Пошук

02.08.2019 14:01   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Анастасія Раманава / Catholic.by

Першы дзень жніўня, які стаў першым днём Дзявятай парафіяды дзяцей і моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, завяршыўся цудоўным вясёлым вечарам.

Хоць многія ўдзельнікі дзесяці каманд з дзесяці розных парафій архідыяцэзіі ўжо знаёмыя паміж сабою дзякуючы папярэднім парафіядам, аднак прадстаўленне — неабходны элемент на пачатку кожнай новай доўгачаканай сустрэчы.

Творча, крэатыўна і нетрывіяльна заявілі пра сябе дзеці і моладзь з Багданава, Вілейкі, Дзяржынска, Івянца, Маладзечна, Налібакаў, Нясвіжа, Свіра і дзвюх сталічных парафій — з Залатой Горкі і з Чыжоўкі.

Спевы ўласнага сачынення і танцы ўласнай харэаграфіі суправаджалі прадстаўленне кожнай каманды. Усе іншыя ўдзельнікі на гэты час ператвараліся ў гледачоў і падтрымлівалі сваіх калегаў воплескамі, воклічамі і святлом ліхтарыкаў мабільных тэлефонаў.

 

Першы дзень, тэма якога «Святыня», — гэта не толькі прадстаўленне, але і першы конкурс. Кожная каманда выканала падрыхтаваны рэлігійны спеў.

Найчасцей у гэты вечар гучалі радасныя спевы хвалы і праслаўлення ў запальных рытмах, што так падабаюцца моладзі.

А ўдзельнікі каманды з парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры прадставілі песню-медытацыю, дапоўненую рэлігійнай пантамімай.

Вясёлы вечар завяршыўся супольнай малітвай каля палымнеючага факелу парафіяды. Але яшчэ доўга не сціхалі радасныя галасы і спевы ў намётавым лагеры ўдзельнікаў.

Абноўлена 02.08.2019 15:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.