31 ліпеня ў Батароўскім лесе каля Навагрудка, дзе 76 гадоў таму падчас Другой сусветнай вайны былі расстраляны 11 законніц з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, адбылася ўрачыстая святая Імша.
Як паведамляе партал Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, ушанаваць памяць сведкаў Хрыста, якія ахвяравалі сваё жыццё Богу, і вучыцца ў іх адважна ісці праз жыццё прыбыло шмат людзей. Прысутныя дзякавалі Пану за дар мучаніц для Касцёла на Гродзеншчыне і Касцёла ў Беларусі.
Праз заступніцтва благаслаўлёных назарэтанак сабраныя прасілі Бога аб ласцы глыбокай, моцнай веры, адвагі, сапраўднай любові да Яго і бліжніх.
Таксама маліліся за краіны, дзе адбываюцца канфлікты i войны, каб насілле і нянавісць саступілі месца паяднанню і прабачэнню, а супраціўнікі знайшлі ў сабе мудрасць і адвагу мірнага вырашэння ўсялякіх спрэчак.
Ушанаваць мучаніц прыбылі шматлікія пілігрымы: з Гродна, з Новай Мышы, удзельнікі пілігрымкі на роварах з Крамяніцы. Прысутнічалі члены сям’і благаслаўлёнай сястры Раймунды з Літвы і Польшчы, прадстаўнікі свецкіх уладаў, святары, сёстры законныя і шмат вернікаў з розных месцаў нашай краіны і з замежжа.
У лесе, дзе 76 гадоў таму разгарнуліся драматычныя падзеі, цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Яе канцэлебравалі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, святары Гродзенскай і Пінскай дыяцэзій.
Падчас Эўхарыстыі маліліся таксама аб беатыфікацыі сястры Малгажаты Банась — дванаццатай назарэтанкі з Навагрудка, якая пазбегла мучаніцкай смерці.
У гаміліі біскуп Кашкевіч адзначыў: «У гэтым месцы сустрэліся дзве цалкам супрацьлеглыя рэчаіснасці, два розныя светы: уражваючая адхлань нянавісці і насілля, пагарды да Бога і чалавека, нязгоды з Божым і чалавечым законам сустрэлася з бязмернасцю любові і святасці, ахвяры і прысвячэння, літасці і спачування».
Па яго словах, смерць назарэтанак не была выпадковай, а была ахвярай, прынесенай Богу з любові да бліжняга.
«Якая ж вялікая, неспасцігальная любоў жыла ў сэрцах сясцёр, якія два разы дабравольна на малітве прасілі Пана Бога аб смерці ўзамен за іншых людзей: за 120 заложнікаў — арыштаваных гестапа жыхароў Навагрудка і ваколіц, а таксама за аднаго святара ў гэтым месцы, кс. капелана Аляксандра Зянкевіча», — дадаў біскуп.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што гэтая незвычайная ахвяра была дасканалым увянчаннем і дапаўненнем той любові да Бога і людзей, выраз якой давалі сёстры ў сваім штодзённым жыцці дагэтуль і ў сваім служэнні ў Навагрудку.
Біскуп выказаў надзею, што прыклад жыцця мучаніц з Навагрудка будзе натхненнем для сучасных людзей у штодзённым верным спаўненні абавязкаў, у даванні сведчання веры словам і ўчынкам, у любові да бліжняга і бескарыслівым нясенні дапамогі патрабуючым.
«Няхай заступніцтва благаслаўлёных сясцёр-мучаніц яшчэ больш распаліць нашы сэрцы любоўю да Хрыста Пана, які на дрэве крыжа праліў за нас сваю кроў, каб мы жыццё мелі ў дастатку», — пажадаў іерарх.
Пасля Імшы прысутныя мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі благаслаўлёных назарэтанак і трываць у ціхай малітве на каленях на той зямлі, якая была акроплена крывёю мучаніц.