Пошук

01.08.2019 13:13   Тэкст: Раіса Мароз, Анастасія Грышан / Catholic.by
Фота: Аляксандр Дарашэвіч, lookmytrips.com

27 ліпеня ў парафіі св. Арханёла Міхала ў Міхалішках адзначалі адпустовую ўрачыстасць у гонар св. Ганны. Па запрашэнні пробашча кс. Анатоля Захарэўскага парафію наведаў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які падчас святой Імшы ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі 22 чалавекам.

Пра гэтую падзею распавядае арганістка касцёла ў Міхалішках Раіса Мароз:

«Урачыстасць мінула, але адбітак у душы застаўся не толькі ў кандыдатаў да канфірмацыі, але і ў душах і сэрцах кожнага, каму пашчасціла трапіць у гэтую святыню ў гэты дзень…

Святыня была падрыхтавана з любоўю і пяшчотай да Бога рукамі кандыдатаў да канфірмацыі, іх бацькамі, групай парафіян, большасць з якіх носіць імя Ганна і ганарыцца гэтым.

Увесь дзень з самага ранку церусіў невялікі летні дожджык… Бог пачуў мае малітвы… Душа патрабавала нейкага наталення, а такое надвор’е дазваляе больш засяродзіцца духоўна, ніякія працы і клопаты не адцягваюць увагу душы ад Святыні… Дождж, дробны, цёплы і мерны — гэта Божая ласка, якая сплывае на зямлю, наталяе яе і той раслінны свет, што яе напаўняе…»

Раздзяліць з парафіянамі радасць урачыстасці прыехала шмат вернікаў з розных куткоў Беларусі. Самай шматлікай групай стала група з Паставаў на Віцебшчыне: з парафій св. Антонія Падуанскага і Езуса Міласэрнага прыбыло 30 чалавек.

Яны прыехалі загадзя, наблізіўшыся да алтароў гервяцкага касцёла і атуліўшы малітвамі магілу кс. Леаніда Несцюка, які пры жыцці неаднаразова прымаў іх у святыні.

«Выкладчык Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, затым яе рэктар і нарэшце дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі — і гэта ўсё асоба шаноўнага біскупа Юзафа Станеўскага, — працягвае Раіса Мароз. — Гэта святар і чалавек шматграннай душы, да якой мне пашчасціла дакрануцца ў гады вучобы на катэхетычных курсах у Гродне. У памяці жыве яго адданая праца на карысць духоўнага станаўлення і фармацыі кожнага чалавека, да якіх воля Бога накіроўвала яго. Ён вельмі цікавы і адкрыты суразмоўца, мудры настаўнік…

Мы не адчувалі часу на ягоных лекцыях, наадварот, хацелася затрымацца ў ягоным асяроддзі, ягонымі разважаннямі мы жылі тыднямі… Калі ён адпачывае, ведае толькі Усемагутны Бог!

Незвычайная адданасць Пану, духоўная цеплыня і пяшчота да Божага люду: ад немаўляці да чалавека сталага ўзросту — яскравыя рысы, з якімі ён ідзе па жыцці».

Па словах арганісткі, Яго Эксцэленцыю планавалі ўвесці ў святыню ў акружэнні моладзі, а сталася так, што ён увайшоў у касцёл ціха і неўпрыкмет, пад музыку праліўнога дажджу.

На пачатку Імшы біскупа прывіталі бацькі і прадстаўнікі кандыдатаў да канфірмацыі, а таксама пробашч парафіі.

Як кажа Раіса Мароз, усіх удзельнікаў Імшы без выключэння ўзрушыла гамілія іерарха, якую ён прысвяціў асобе св. Ганны, маці Панны Марыі. З вялікай цеплынёй, вельмі кранальна біскуп правёў у ёй тэму мацярынства.

«Сваёй прамовай Вы зрабілі дотык да жанчын-маці рознага ўзросту, навучаючы стаўленню да жанчыны-маці як з боку моцнай палавіны чалавецтва, так і ў адносінах дзяцей да сваіх бацькоў, жывых і памерлых, — адзначае Раіса. — Уся літургія была нейкай асаблівай, пранікнёнай, мілагучнай для душы… Побач з польскай мовай гучала родная беларуская, яны, як дзве рукі, трымалі адна адну: сугучна, пяшчотна, сціпла і вельмі кранальна…»

«Тое, што дзве гадзіны ў нашым напоўненым касцёле здаліся імгненнем, заслуга ўсіх і кожнага паасобку, — дадае арганістка. — Мы прысвячаем Богу сваё жыццё і працу ад усёй душы, мы проста робім кожны сваю справу з малітвай, таму ўсё прайшло вельмі пранікнёна, кранальна… Мы далі магчымасць адчуць усім гасцям настрой, з якім павінен жыць кожны хрысціянін, — гэта адчуванне Божай дасканаласці, гармонія душы, у якіх давер адзін да аднаго, глыбокая павага, узаемадапамога, узаемаразуменне…

Стараліся з усіх сіл, але ніхто не спадзяваўся, што, пранікшыся атмасферай урачыстасці, наш шаноўны пастыр Юзаф Станеўскі вырашыць ля алтара Пана зрабіць вельмі адметны, узрушальны акорд — ён падараваў нам цудоўны спеў, песню ў сваім перакладзе, апошні куплет якой — словы ягонага сэрца, спеў сыноўняй любові да маці…

Маці нашага біскупа жыве, мы адчулі ягоную любоў і стаўленне да яе, а мая адышла да Бога ў мінулым годзе, але спеў настолькі пранікнёны, што здавалася, быццам мая мама ўваскрэсла ў гэты момант. Па твары, як кроплі дажджу, цяклі пякучыя слёзы страты, сэрца ж казала: яна дзесьці побач, Неба нас бачыць і чуе… Паміж намі адчувалася незвычайная асвячальная ласка Святара».

«У нас на Беларусі самы моцны епіскапат, ён вымалены крывавым потам некалькіх пакаленняў беларусаў, — дадае Раіса Мароз. — Шаноўны Эксцэленцыя, шаноўныя вернікі! Ніколі не мінайце нашу святыню, прыязджайце да нас тады, калі дазволіць ваш час, прыйдзіце і дакраніцеся малітвай свайго сэрца да святых алтароў касцёла ў Міхалішках, яны чакаюць вас усіх заўсёды, і днём, і ноччу падчас чуванняў.

Мы сустракаем сваіх гасцей штодня: на святой Імшы або ў экскурсійнай вандроўцы, даючы магчымасць дакрануцца душой да прызначэння Касцёла — адчуць існаванне Бога-Створцы ў сваім штодзённым жыцці…

Будзьце з намі — гэта азначае жывіце з верай, надзеяй і ў любові адзін да аднаго…»

«Эксцэленцыя! Ваша душа — сапраўдны кветкавы рай, ад якога кожны ў нашым касцёле атрымаў цэлы ахапак руж для сваёй душы, у той час як Вы трымалі ў руках толькі адзін сціплы букет ад усіх», — такія словы скіроўвае арганістка касцёла да біскупа. Да гэтых словаў далучаюцца пробашч ксёндз Анатоль Захарэўскі, шматлікія вернікі парафіі і госці ўрачыстасці ў Міхалішках.

Абноўлена 01.08.2019 16:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця