Пошук

23.07.2019 11:31   Тэкст: Баляслаў і Таццяна Харкевiч / Фота: Юлія Харкевіч / Catholic.by

1 жнiўня будзе ў чарговы раз успамiнацца дата з аднаго боку сумная, а з iншага тая, якая дае моцную надзею Каталіцкаму Kасцёлу ў Беларусi: 76-я гадавiна мучаніцкай смерці сясцёр назарэтанак з Навагрудка.

Ведаючы Божую моц, можна смела адзначыць, што мучанiцкая кроў дала надзею сучаснаму пакаленню вернiкаў. Так, у Навагрудку з 15 па 20 лiпеня адбылiся рэкалекцыi для сем’яў, якiя ўжо дзясяты год праходзяць у кляштары сясцёр назарэтанак.

У гэтым годзе на сустрэчу прыехала 16 сем’яў з розных куткоў Беларусі i не толькi. Былi ўдзельнiкi з Мiнска, Наваполацка, Гродна, Лiды, Смаргонi, а таксама Масквы. Праводзiў рэкалекцыi ксёндз Вiталiй Сiдорка з Лiды.

На прыкладзе адгартацыi Christus vivit ён не толькi закрануў праблему выхавання маладога чалавека, але i дапамог сем’ям разабрацца ва ўласных адносiнах з Хрыстом і Яго Словам.

Таксама ў сабраных была магчымасць штодзённага ўдзелу ў святой Iмшы i адарацыi, дзялення ў групах досведам сваёй веры i сямейнага жыцця, супольнага служэння, удзелу ў вясёлых вечарах i нават у брэйн-рынгу. Дзецi, у сваю чаргу, атрымалi магчымасць не толькi супольнай забавы, але i творчых катэхез, якiя з адданасцю і любоўю праводзілi для iх сёстры Кляра, Агнэс, Антонiя і Назарыя. Квэст для дзяцей i эстафеты для дарослых дазволiлi ўсiм акунуцца ў свет дзяцiнства.

Апагеем рэкалекцый стала вандроўка на месца мучанiцтва назарэтанак, дзе ўдзельнiкi ад малога да вялiкага падзякавалi благаслаўлёным сёстрам за дар iх ахвяры i памалiлiся Вяночкам да Божай Мiласэрнасцi за ўвесь свет.

На заканчэнне рэкалекцый сабраныя мелi магчымасць засведчыць, як кожны з iх перажыў гэты благаслаўлёны час, поўны Божай прысутнасцi, супакою, радасцi і надзеi.

Удзельнікі ўдзячныя ўсiм сёстрам, асаблiва адказнай за працу з сем’ямi с. Марыяне Алешчык.

Сустрэчы сем’яў адбываюцца штомесяц у Мінску, Гродне, Лiдзе, Маладзечне, Смаргонi i Навагрудку.

Усiм сем’ям, якiя жадаюць далучыцца да асацыяцыi Святой Сям’і з Назарэта пры Кангрэгацыi сясцёр назарэтанак, можна звяртацца да сясцёр.

Абноўлена 23.07.2019 13:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.