Пошук

17.07.2019 11:59   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

16 ліпеня, у парафіяльную ўрачыстасць Маці Божай Шкаплернай, у Мядзелі вернікі адзначылі адпуст і развіталіся з фігурай святога Міхала Арханёла, якая завяршыла перэгрынацыю па Мядзельскім дэканаце.

З гэтай падвойнай нагоды ў мядзельскім касцёле сабралася вялікая колькасць мясцовых парафіянаў, гасцей і духавенства з ордэна кармэлітаў і Мядзельскага дэканату на чале з дэканам кс. канонікам Багуславам Маджэеўскім.

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ўзначаліў кусташ фігуры кс. Юрый Жэгарын, пробашч парафіі святога Міхала Арханёла ў Навагрудку.

Божае слова падчас Эўхарыстыі прамовіў пробашч парафіі св. Андрэя апостала ў Нарачы а. Бэрнард Радзік OCD.

«Як жа тут сёння хораша! — сказаў святар. — І Маці Божая Шкаплерная, і святы Міхал Арханёл: неба з вамі!»

У гаміліі айцец Бэрнард узгадаў, як адраджалася вера і Касцёл на Мядзельшчыне, як сюды пасля дзесяцігоддзяў савецкага пераследу вярнуліся кармэліты. Гэта стала магчымым дзякуючы заступніцтву Маці Божай Шкаплернай, якая, як і стагоддзі таму, зноў здзейсніла цуд, уратаваўшы манаскую супольнасць, атуленую Яе святым шкаплерам. Яна таксама ратуе кожнага, хто з даверам просіць Яе заступніцтва і ўцякае пад Яе абарону: простую, але надзейную.

На заканчэнне святой Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія вакол касцёла і малітва перад фігураю святога Арханёла Міхала.

Пасля гэтага вернікі развіталіся з выяваю Князя нябеснага войска з італьянскага санктуарыя ў Гаргана, якая працягне перэгрынацыю па парафіях Гродзенскай дыяцэзіі.

Фігура пакінула Мядзельскі дэканат, але абарона святога Арханёла Міхала, апекуна Касцёла на Беларусі, ніколі не пакіне верны народ Божы, які атуляе сваім Матчыным заступніцтвам таксама Найсвяцейшая Панна Марыя.

Абноўлена 17.07.2019 12:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа