Пошук

17.07.2019 15:09   Тэкст: с. Ганна Луцкая OCDS, Анастасія Грышан / Фота: Алена Драздоўская, Яўгенія Ташцімірава / Catholic.by

16 ліпеня ў мінскай парафіі Божага Цела Ордэн Кармэлітаў Босых адзначыў сваю галоўную ўрачыстасць Маці Божай з гары Кармэль.

На ўрачыстасці сабраліся шматлікія вернікі і прыхільнікі кармэліцкай духоўнасці, якія ў гэты дзень захацелі прадставіць Пану Богу ўсе свае просьбы праз заступніцтва Маці Божай Шкаплернай, Каралевы і Аздобы Кармэлю. Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Вітаючы прысутных святароў, сясцёр законных, прадстаўнікоў свецкіх кармэлітаў і парафіяльную супольнасць, прадстаўнік папы Францішка выказаў радасць з таго, што парафія расце і развіваецца, Бог адорвае сваіх дзяцей новым жыццём.

Доказам гэтага паслужыў той факт, што два дарослыя чалавекі выказалі жаданне далучыцца ў гэты дзень да хрысціянскай супольнасці праз сакрамэнты хросту і канфірмацыі.

У скіраваным да вернікаў Божым слове іерарх адзначыў: «Нялёгка заўсёды крочыць шляхам Бога, гэтак жа як узыходзіць на гару, на вяршыні якой нас чакае Хрыстус. Такі шлях патрабуе руплівасці, адданасці, добрай волі».

Арцыбіскуп нагадаў, што гара Кармэль праслаўлена праз сваю прыгажосць. Кармэліты заўсёды мелі асаблівую апеку Маці Божай. Марыя заступаецца за ўсіх нас, дае нам мужнасць і сілы ва ўсе дні жыцця. Таму людзі з пакалення ў пакаленне аддаюць пашану Найсвяцейшай Панне Марыі, з надзеяй хаваючыся пад Яе плашчом ад нягодаў.

Па словах іерарха, прарок Ілля на гары Кармэль «змагаўся з ілжывымі паганскімі багамі і абараняў веру ў сапраўднага Бога, клапатлівага і міласэрнага Айца».

Важна, дадаў ён, адкрываць праўдзівага Бога, ачышчаць уласную веру, заўсёды пытацца ў сябе: у якога Бога мы верым?

«Бог, у якога мы верым і якому мы молімся, не павінен быць толькі Суддзёю, які асуджае, які распараджаецца ўсім па Сваёй волі, але быць Богам Айцом, "павольным да гневу і багатым міласэрнасцю", які прабачае, дае жыццё і надзею», — звярнуў увагу прадстаўнік Папы.

«Нярэдка заставацца верным Богу і Яго запаведзям нялёгка. Гэта як узыходжанне на гару, на вяршыні якой нас чакае Хрыстус. Такі шлях патрабуе руплівасці, адданасці, добрай волі, — сказаў іерарх, адрасуючы гэтыя словы асабліва тым, хто прымаў у гэты дзень сакрамэнты хросту і канфірмацыі. — Святыя таксама перажывалі духоўную барацьбу. Аднак яны заўсёды былі ўпэўненыя, што Бог не пакіне іх».

«Марыя заступаецца за нас, дорачы нам духоўнае суцяшэнне, здароўе цела і душы, спакой у сям'і. Дзякуючы Яе заступніцтву Бог прысутны ва ўсіх момантах нашага жыцця, у нараджэнні і смерці, у болю і ў радасці, у надзеі і ў самотнасці.

Менавіта Яна, Марыя, дае нам мужнасць і сілы, каб хадзіць у святле веры ва ўсе дні нашага жыцця», — адзначыў Апостальскі нунцый.

Пасля Імшы ва ўсіх жадаючых была магчымасць прыняць святы шкаплер з рук айцоў кармэлітаў.

Апостальскі нунцый выказаў надзею, што сведчыць пра глыбокую Марыйную пабожнасць парафіян будуць не толькі шкаплер і некалькі малітваў у гонар Маці Божай, але і хрысціянскі стыль паводзінаў і канкрэтныя справы міласэрнасці.

«Разам з Паннай Марыяй, якая дае нам узор поўнай адданасці Богу, не будзем баяцца перашкод і цяжкасцяў. Праз Яе заступніцтва будзьма сапраўднымі носьбітамі Добрай весткі для людзей», — заклікаў арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Абноўлена 17.07.2019 15:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа