12 ліпеня намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Польшча Марцін Пшыдач, які знаходзіцца з афіцыйным візітам у Беларусі, сустрэўся з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам і наведаў катэдральную базыліку святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне.
Як паведамляецца на партале Grodnensis.by, сустрэча высокага замежнага чыноўніка з пастырам Касцёла на Гродзеншчыне адбылася ў будынку біскупскай курыі ў Гродне. Падчас яе намесніка міністра суправаджалі Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Польшча ў нашай краіне Артур Міхальскі і Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Ярослаў Ксёнжэк, а таксама іншыя афіцыйныя асобы.
У ходзе сустрэчы біскуп Кашкевіч пазнаёміў польскага дыпламата з гісторыяй Каталіцкага Касцёла на Гродзеншчыне.
Акрамя таго, Марцін Пшыдач наведаў катэдральную базыліку святога Францішка Ксавэрыя. З гісторыяй унікальнай святыні яго пазнаёміў пробашч парафіі кс. канонік Ян Кучынскі.