Пошук

08.07.2019 16:06   Catholic.by

Анансаваная 25-я Юбілейная пілігрымка Віцебск – Полацк, якая мела праходзіць з 9 па 13 ліпеня пад дэвізам «Хрыстус жыве», не выйдзе з-за таго, што вернікі не могуць аплаціць паслугі спецыяльных службаў.

Пра гэта паведаміў Catholic.by айцец Яўген Усошын, канцлер Курыі Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека.

Па словах святара, у адказ на скіраваную арганізатарамі ў Віцебскі аблвыканкам просьбу быў атрыманы дазвол на правядзенне пілігрымкі. Аднак адна з умоваў, высунутых уладамі, прадпісвала вернікам аплаціць паслугі спецыяльных службаў — міліцыі, медыкаў, супрацоўнікаў камунальнай гаспадаркі і гэтак далей, як гэта прадугледжана зацверджанымі нядаўна беларускім урадам новымі правіламі правядзення масавых мерапрыемстваў.

Паколькі супольнасць Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі не мае сродкаў на аплату паслугаў згаданых службаў, якія фінансуюцца за кошт падаткаў беларускіх грамадзянаў, пілігрымка з Віцебска ў Полацк 9 ліпеня не выйдзе.

Гэтую інфармацыю ў тэлефоннай размове пацвердзіў Catholic.by і сам Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў айцец архімандрыт Сяргей Гаек.

Нагадаем, што 24 студзеня Савет міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову № 49 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, якія аказваюць органы ўнутраных спраў, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, прыбіраннем тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавых мерапрыемстваў».

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звярнулася ў Савет міністраў з пытаннем, ці гэтая пастанова датычыцца таксама правядзення рэлігійных масавых мерапрыемстваў — працэсій, пілігрымак і іншых абрадаў і цырымоній з удзелам вернікаў.

У адказе з боку ўрада, падпісаным 15 мая былым міністрам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь Ігарам Шуневічам, было сказана, што дзеянне вышэйзгаданай пастановы не распаўсюджваецца на рэлігійныя мерапрыемствы.

Абноўлена 08.07.2019 16:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа