Пошук

09.07.2019 10:01   Вераніка Раманенкава / Catholic.by

5–6 ліпеня Маці Божая ў чарговы раз сабрала ў Будславе тысячы вернікаў ля падножжа свайго алтара. Стары і малы, хворы і здаровы, вясёлы і сумны — розныя людзі сабраліся разам, каб шчыра маліцца, прасіць Маці Божую аб заступніцтве і дзякаваць за ўсе атрыманыя ад Бога дары.

Сучасныя пілігрымы працягваюць традыцыю сваіх продкаў, якія з XVII стагоддзя ішлі ў Будслаў да Маці Божай. Нават у часы савецкага пераследу веры людзі збіраліся ў Будславе, маліліся і дзяліліся хлебам.

Сёння кожны пілігрым, кожны чалавек, які трапіў на Будслаўскі фэст, можа падзяліцца добрым словам, свойскім печывам, пакаштаваць «капуцынскай» кавы.

«Што гэта за кава такая?»

— запытаецца, можа, хтосьці, каго не ратаваў золкай раніцай у Будславе глыток гарачага духмянага напою з салодкім печывам.

Ужо некалькі гадоў запар манахі капуцыны прыязджаюць у Будслаў на фэст і частуюць вернікаў кавай. Капуцыны — гэта манаскі ордэн, які ўзнік у 1525 годзе як галіна францішканскага ордэна. Простыя, сціплыя, з адкрытымі душою і сэрцам браты капуцыны ўсё сваё жыццё прысвячаюць служэнню людзям.

Насупраць велічнай будслаўскай базылікі размяшчаецца намёт з надпісам «У капуцына», дзе і можна пакаштаваць «капучына ад капуцынаў».

Дарэчы, італьянскае слова «капучына», што азначае ўсім вядомы гатунак кавы, сапраўды звязана з капуцынамі. Лічыцца, што гэтая назва ўзнікла з-за падабенства светла-карычневага колеру з колерам манаскага адзення капуцынаў з характэрным каптуром.

Кава капучына. Фота: foodnetwork.com

Духмяны напой быў здаўна папулярны ў Рыме, але яго называлі проста «кава з малаком» і пілі за сняданкам, перад працай. У гэты час браты капуцыны акурат вярталіся з ранішняй малітвы. Хтосьці звярнуў увагу, што сметанковы «каптурок» на каве вельмі нагадвае доўгія «капучо» — каптуры, капюшоны — на галовах капуцынаў. Неўзабаве ва ўсіх кавярнях Італіі раніцай стала ўсё часцей чуваць: «Ун капучо, аміко!» — «Кубачак капучына, сябра!»

Ёсць і яшчэ адна версія гэтай назвы, якая звязана з важнымі гістарычнымі падзеямі.

У 1683 годзе падчас бітвы сумесных легіёнаў Польшчы і Аўстрыі з туркамі сваёй шчырай малітвай польска-аўстрыйскае войска падтрымліваў манах капуцын Марко з Авіяна. Пасля перамогі і вызвалення Еўропы ад Асманскай імперыі пераможцы частавалі ўсіх кавай, здабытай у турэцкіх лагерах. Брату Марко таксама давялося пакаштаваць гэты напой, але кава здалася яму вельмі горкай.

Манах папрасіў чым-небудзь пасаладзіць каву, і яму прапанавалі малако, а напой, які ў выніку атрымаўся, назвалі ў гонар капуцына — капучына.

Каву Марко з Авіяна (Marco d’Aviano) можна пакаштаваць не толькі ў Будславе на фэсце. Яе прапануюць у кляштарах братоў капуцынаў у Докшыцах, Ліпнішках, Маладзечне, Мінску, Слоніме і Смалявічах.

Абноўлена 09.07.2019 10:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа