5 ліпеня першую ўрачыстую Эўхарыстыю Будслаўскага фэсту з удзелам усіх пілігрымаў, якія сёлета пешкі і на роварах прыбылі ў Нацыянальны санктуарый, узначаліў біскуп Казімір Велікаселец.
Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі сёлета адзначае 20-годдзе біскупскага пасвячэння і 35-годдзе святарства. Побач з найстарэйшым беларускім іерархам святую Эўхарыстычную Ахвяру цэлебравалі самыя маладыя святары — новапрэзбітэры, якія зусім нядаўна прынялі пасвячэнне. Гэта кс. Дзмітрый Прыступа, сэрцанін, і кс. Артур Ляшнеўскі, салезіянін.
На пачатку святой Імшы, якую на палявым алтары каля будслаўскай базылікі канцэлебравалі прысутныя іерархі і святары, юбіляра шчыра прывітаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, а ўсе ўдзельнікі воплескамі далучыліся да яго словаў.
У скіраваным да вернікаў Божым слове біскуп Казімір Велікаселец казаў пра веру, якая з’яўляецца самым надзейным арыенцірам у жыцці для кожнага мужчыны і кожнай жанчыны. Менавіта вера накіроўвае чалавека да сапраўднай мэты яго жыццёвага прызначэння — да Бога. І найлепшай дапамогай і спадарожніцай у жыццёвай пілігрымцы з’яўляецца Маці Хрыста Марыя.
Звяртаючыся да прыкладаў з класічнай літаратуры і выказванняў вядомых людзей, іерарх-юбіляр тлумачыў моладзі, як варта жыць, каб быць на самай справе шчаслівымі людзьмі.
«Вас, якія сабраліся сёння ў Будславе, можна лічыць сапраўднымі „героямі нашага часу“, якія выбралі самае лепшае — Бога.
Вы не паддаліся спакусе абыякавасці і імкнення да матэрыяльнага набытку, а шукаеце сапраўдных скарбаў», — адзначыў біскуп Казімір, звяртаючыся да юнакоў і дзяўчат, якія прыйшлі ў Будслаў пешкі або прыехалі на роварах.
Ён нагадаў ім пра важнасць малітвы і ўдзелу ў сакрамэнтах у жыцці хрысціяніна і заклікаў браць прыклад з Марыі ў верным выкананні Божай волі.
«Сёння доўга ішоў дождж, а цяпер хмары разышліся і з-за іх глянула сонейка.
Няхай жа ваш шлях заўсёды асвятляе сонца веры, якая разганяе хмары няўпэўненасці і сумненняў і паказвае шлях да Бога», — пажадаў біскуп Велікаселец на заканчэнне гаміліі.
Пасля традыцыйнага прывітання пілігрымаў да ўдзельнікаў Эўхарыстыі звярнуўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і Старшыня ККББ, які не ўдзельнічаў у гэтай цэлебрацыі. Іерарх прыбыў у Будслаў непасрэдна з медыцынскага цэнтру ў Аксакаўшчыне, што пад Мінскам, дзе цяпер ён праходзіць курс пасляаперацыйнай рэабілітацыі.
Арцыбіскуп Кандрусевіч выклікаў смех дасціпным жартам, а потым шчыра павіншаваў біскупа Казіміра Велікасельца з юбілеямі святарства і біскупскага служэння.
Кіраўнік каталіцкага епіскапату нашай краіны таксама прывітаў айца протаіерэя Аляксандра Шымбалёва, які ад імя Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, прадстаўляе на сёлетнім Будслаўскім фэсце Беларускую Праваслаўную Царкву. Пры гэтым іерарх адзначыў, што шмат праваслаўных вернікаў разам са сваімі братамі ў Хрысце аддаюць пашану Маці Божай Будслаўскай, якая яднае ўсіх хрысціянаў без канфесійных адрозненняў.