Пошук

04.07.2019 22:03   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі, кс. Аляксандр Улас, Мікола Гракаў / Catholic.by

Узбоч дарогі ад Касцяневічаў да Даўгінава апошнім часам можна было ўбачыць два крыжы з бярозы, а напярэдадні Будслаўскага фэсту каля іх з’явіўся і трэці. Хто іх тут паставіў і навошта?..

4 ліпеня рэдакцыя парталу Catholic.by практычна ў поўным складзе вырушыла ў Будслаў. Напярэдадні фэсту трэба абсталяваць выязны карпункт у Нацыянальным санктуарыі.

Але дарога, якая зазвычай займае на машыне не больш за дзве гадзіны, расцягнулася амаль на паўдня.

Мы не маглі не спыніцца каля сустрэтых намі пілігрымаў, каб іх прывітаць, распытаць пра дарогу і, канечне, разам памаліцца.

У пасёлку Ілья сустракаем пілігрымаў на роварах, якія тут традыцыйна спыняюцца на абед.

Абед у велапілігрымцы — гэта, хутчэй, «перакус», бо з поўным страўнікам цяжка круціць педалі. А наперадзе яшчэ добрых 20 кіламетраў да Касцяневічаў, дзе чакае святая Імша і смачная вячэра пры вогнішчы.

Пад’еўшы — зноў на ровары і чатырма групамі па 10 чалавек наперад. Па дарозе да Вілейскага вадасховішча, аднаго з самых буйных штучных вадаёмаў Беларусі, велапілігрымаў зноў мочыць дождж: ужо трэці за дзень.

На палутаракіламетровай дамбе вецер такі, што проста здзьмувае разам з роварам. Найцяжэй даводзіцца тым, у каго на «жалезных конях» прымацаваныя сцягі пілігрымкі. Але гэта — дасведчаныя і моцныя велапілігрымы, якія, здаецца, зусім не звяртаюць увагі на шалёныя парывы.

За дамбай кароткі прыпынак, каб палічыцца і праверыць, ці не згубілі кагосьці на небяспечным адрэзку трасы з вузкай дарогай, па якой штохвіліны лятуць цяжкія фуры.

У першай дзясятцы — самая малодшая ўдзельніца велапілігрымкі Ліза, якой толькі трынаццаць гадоў. Яна тут разам з мамай, але, можна сказаць, самастойна: яны едуць у розных групах. Хоць Ліза сябруе з роварам з шасцігадовага ўзросту, але так далёка яшчэ ніколі не ездзіла.

«Найцяжэй было ўздымацца на крутыя горкі ў першы дзень, калі ехалі з Мінска да Радашковічаў.

Да гэтага я ездзіла толькі па горадзе, на звычайныя „пакатушкі“. Але ж гэта непараўнальна!» — прызнаецца дзяўчынка.

Кароткі адпачынак на другім беразе Віліі завяршаецца супольнай малітвай каля прыдарожнага крыжа. Кіраўнік велапілігрымкі Аляксандр Ламавы камандуе «Па конях», і ўсе сорак удзельнікаў адзін за адным коцяць далей.

Развітаўшыся з велапілігрымамі і пажадаўшы ім добрай дарогі, мы таксама працягваем свой шлях у бок Будслава. За Касцяневічамі пераязджаем мост праз Сэрвач і ўжо здалёк заўважаем на дарозе незвычайную групу: каля сотні чалавек, многія ў яркіх дарожных камізэльках і дажджавіках. Адразу відаць — пілігрымы.

Наперадзе група маладых людзей нясе вялізны, у некалькі чалавечых ростаў крыж з бярозы. Пад’ехаўшы бліжэй, спыняемся, выходзім з машыны і далучаемся да набажэнства Крыжовага шляху, якое адбываецца проста па дарозе.

Крыжовы шлях традыцыйна становіцца часткай шляху пілігрымаў з Ліды.

І ўжо трэці год там, дзе завяршаецца набажэнства, што складаецца з чатырнаццаці стацый-разважанняў над апошнім зямным шляхам Збаўцы, пілігрымы ўсталёўваюць пры дарозе крыж. Два крыжы тут паставілі ў мінулыя гады, і сёння да іх дадалі трэці.

Такім чынам на ўзбочыне дарогі паміж Касцяневічамі і Даўгінавам з’явілася своеасаблівая Кальварыя з трох бярозавых крыжоў.

Пасля набажэнства пілігрымы (амаль усе — маладыя і вельмі маладыя) падыходзяць, каб ушанаваць крыж.

Кленчачы проста на мокрай зямлі і цалуючы дрэва, яны такім чынам выказваюць сваю любоў і ўдзячнасць да Збаўцы, які на дрэве крыжа абмыў свет ад грахоў сваёю крывёю.

У пешай пілігрымцы Ліда – Будслаў шмат духоўных і кансэкраваных асобаў. Ксёндз Віталій Чабатар, кларэтын з Магілёва, таксама далучыўся да лідскай пілігрымкі, а разам з ім яшчэ некалькі пілігрымаў з Магілёўшчыны. Чаму менавіта да лідскай?

«Адлегласць прыблізна тая самая, колькасць дзён у дарозе адпаведна.

А з Магілёва цяпер не атрымліваецца арганізаваць сваю пілігрымку, хоць калісьці хадзілі. Нават католікі з Расіі хадзілі з Магілёва», — кажа святар.

Пешую пілігрымку суправаджае прынамсі адна машына. На ёй падвозяць ваду, ежу, падбіраюць тых, хто не ў сілах ісці далей. Хоць і нячаста, але такое таксама здараецца.

Памыляецца той, хто лічыць, што вадзіцелю за рулём лягчэй, чым пешым пілігрымам.

Ён і находзіцца, і наездзіцца: за рулём даводзіцца праязджаць прыкладна ў чатыры разы большую дыстанцыю за тую, якую праходзяць пілігрымы пешкі.

Ужо заўтра пілігрымы — пешыя і на роварах — пачнуць прыбываць у Будслаў. Цяпер іх чакае апошняя ноч у дарозе. Пажадаем ім шчасліва дайсці да Нацыянальнага санктуарыя і перажыць радасць сустрэчы з Матуляй, якая чакае сваіх любых дзяцей.

Абноўлена 05.07.2019 12:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця