Пошук

27.06.2019 17:08   Паводле: Кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by

22–23 чэрвеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася агульнанацыянальная братэрская сустрэча членаў Францішканскага ордэна свецкіх.

Як паведаміў партал Grodnensis.by, сустрэча, якая аб’яднала вакол цудадзейнага абраза Найсвяцейшай Панны Марыі Тракельскай духоўных сыноў і дачок святога Францішка з розных мясцін Беларусі, была спалучана з рэкалекцыямі на тэму «Маці Божая — наша Заступніца».

Удзельнікі сустрэчы, якія жывуць францішканскай харызмай у свеце, разважалі пра Маці Божую Шкаплерную, пра ролю Панны Марыі ў жыцці благаслаўлёнага капуцына Ганарата Казмінскага, а таксама бліжэй пазнаёміліся з асобаю і неацэннай духоўнай спадчынай святога бедняка з Асізі, які быў вялікім шанавальнікам Багародзіцы.

Па традыцыі члены Францішканскага ордэна свецкіх правялі ўсяночную адарацыю перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам у інтэнцыі новых пакліканняў у сваю супольнасць, новых пакліканняў да служэння ў Касцёле і ў інтэнцыі сем’яў нашай краіны.

У межах сустрэчы група асобаў, якія прайшлі адпаведную фармацыю, у прысутнасці настаяцельніцы Францішканскага ордэна свецкіх у Беларусі сястры Марыі Этоль прынеслі Богу вечныя i часовыя абяцанні жыцця ў евангельскіх цнотах.

Таксама былі прынятыя новыя члены ў навіцыят і пастулат.

Кульмінацыяй сустрэчы стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў у тракельскім санктуарыі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Іерарх падзякаваў членам францішканскай сям’і ў Беларусі за іх штодзённае сведчанне, якое яны даюць сваім жыццём у прастаце, малітве і беднасці.

Біскуп выказаў членам гэтай супольнасці таксама словы падзякі за тое, што яны атачаюць сваёй малітвай Касцёл у Беларусі, і заклікаў іх надалей трываць у гэтай добрай справе.

Абноўлена 27.06.2019 17:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця