Пошук

27.06.2019 15:42   Фота: Яўген Занеўскі / Catholic.by

27 чэрвеня, у апошні дзень актавы Божага Цела, паводле старажытнай традыцыі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі благаславіў у катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксавэрыя ў Гродне дзяцей і вянкі з кветак і лекавых зёлак.

Урачыстасцю Божага Цела Касцёл завяршае святкаванне ўспаміну галоўных праўдаў веры, што адбываецца на працягу літургічнага года.

Пасля працэсіі Божага Цела традыцыйна святкуецца актава гэтай цудоўнай урачыстасці, на заканчэнне якой існуе звычай благаслаўлення дзяцей і вяночкаў, сплеценых і складзеных з кветак і духмяных лекавых зёлак.

Гэтая страрадаўняя традыцыя на працягу многіх стагоддзяў працягвалася нашымі дзядамі і прадзедамі і заўсёды радасна ўспрымалася дзецьмі.

Біскуп Юзаф Станеўскі у апошні дзень актавы Божага Цела маліўся ў галоўнай гродзенскай святыні разам з вернікамі. Іерарх удзяліў благаслаўленне сабраным дзецям, а таксама благаславіў прынесеныя ў касцёл вяночкі.

У прамоўленай падчас святой Імшы гаміліі біскуп распавёў сабраным вернікам пра гэтую старадаўнюю традыцыю, пра якую дзе-нідзе ўжо пачалі забывацца. Іерарх падзякаваў тым, хто захаваў памяць пра гэты звычай, нягледзячы на тое, што ў горадзе не так лёгка знайсці традыцыйныя палявыя кветкі і лекавыя зёлкі.

Біскуп Юзаф Станеўскі падкрэсліў, што падтрыманне традыцыі дапамагае захаванню ў народзе веры і яе перадачы новым пакаленням. Удзяляючы благаслаўленне дзецям, ён ад усяго сэрца пажадаў ім, каб яны бяспечна і радасна праводзілі час летніх канікулаў, дапамагалі бацькам, бабулям і дзядулям і не забываліся пра штодзённую малітву.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця