19 чэрвеня 2009 года быў зарэгістраваны дамен Waladarka.by, таму гэты дзень можна лічыць днём нараджэння сайта браслаўскай парафіі, створанага з нагоды каранацыі абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў папскімі каронамі.
За гэтыя гады змяніўся дызайн сайта, але не змянілася яго сутнасць і прызначэнне: распавядаць пра жыццё парафіі, змяшчаць інфармацыю пра гісторыю і сучаснасць браслаўскага санктуарыя і супольнасці ксяндзоў сальватарыянаў, якія ім духоўна апякуюцца.
У гэты дзень тыя, хто сёння працуе над сайтам, дзякуюць усім, хто прычыніўся да стварэння і існавання інтэрнэт-старонкі, а таксама ўсім наведвальнікам.
«Жадаем, каб праз матарыялы, змешчаныя на сайце, парафіяне ўзрасталі ў веры і адчувалі сябе сапраўднай адзінай сям’ёй у Хрысце. Няхай Дух Святы кіруе справай існавання нашага сайта!»
— жадаюць стваральнікі сайта Waladarka.by.
Дырэктар парталу Catholic.by кс. Аляксандр Улас і супрацоўнікі рэдакцыі сардэчна віншуюць браслаўскіх калегаў з 10-годдзем і жадаюць з Божаю дапамогаю праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці, Валадаркі Азёраў, гэтак жа аддана, адказна і плённа служыць справе евангелізацыі на прасторах інтэрнэту, несучы нескажонае святло Добрай Весткі ўсім, хто шукае Божай праўды. Шчыра дзякуем за супрацоўніцтва!