Пошук

17.06.2019 15:42   Тэкст: Кацярына Дурко / Фота: Ганна Аўсейчык, Марыя Васькевіч / Catholic.by

З 14 па 16 чэрвеня ў Мядзелі адбыліся рэкалекцыі для маладых сем’яў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы. Сем’і прыехалі разам са сваімі дзецьмі, наймалодшаму ўдзельніку ў апошні дзень рэкалекцый споўнілася 8 месяцаў.

Духоўныя практыкаванні праводзіў пробашч вілейскай парафіі кс. канонік Аляксандр Барыла. Святар у сваіх прамовах падкрэсліваў, што сям’я сёння перажывае крызіс, па статыстыцы ўсё менш маладых людзей прымаюць сакрамэнт сужэнства, таму існуе патрэба падтрымліваць і ўмацоўваць маладыя хрысціянскія сем’і, каб яны давалі ў сучасным свеце прыклад жыцця па Божых запаведзях.

Месца рэкалекцый было выбрана адмыслова.

Перажываючы духоўныя практыкаванні на мядзельскай зямлі і захапляючыся прыгажосцю створанага Богам свету, сем’і вучыліся будаваць гармонію і прыгажосць у адносінах з Ім і паміж сабою.

На працягу трох дзён падчас супольных набажэнстваў і перажывання Эўхарыстыі ўдзельнікі рэкалекцый умацоўвалі сваю веру і традыцыю сямейнай малітвы. У ходзе канферэнцый, якія праводзілі кс. канонік Аляксандр Барыла і настаўніца рэлігіі Ганна Аўсейчык, прысутныя разважалі над словамі сужэнскай прысягі і яе рэалізацыяй у штодзённым сямейным жыцці, вучыліся перажываць з Богам непаразуменні і крызісы, а таксама перадаваць сваю веру дзецям.

Удзельнікі разам з дзецьмі наведалі мядзельскую Кальварыю і разам здзейснілі Крыжовы шлях. У разважаннях гэтага набажэнства сем’і вучыліся цярплівасці і любові і прасілі ў Бога сіл, каб у сваім сужэнскім жыцці дайсці да святасці і давесці да неба дзяцей.

Супольна праведзены час стаў магчымасцю, каб, адарваўшыся ад быту і шэрай штодзённасці, узнавіць у сабе прыгажосць свайго кахання і ўзмацніць павагу адно да аднаго.

Сужэнскія пары дзяліліся сваім досведам і абмяркоўвалі радасці і прабемы, якія сустракаюцца ў сям’і.

Рэкалекцыі завяршыліся малітвай падзякі Богу за цудоўна праведзены час і просьбай аб багатых плёнах гэтых рэкалекцый у жыцці ўдзельнікаў і іх родных.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.