8 чэрвеня па ініцыятыве «Каталіцкага дзеяння» і шэрагу іншых каталіцкіх арганізацый а 13-й гадзіне ва ўсім свеце ўжо ў пяты раз праводзіцца акцыя «Хвіліна дзеля міру».
Ініцыятыва ўзнікла пяць гадоў таму ў падтрымку дыялогу дзеля міру на Святой Зямлі напярэдадні сустрэчы Святога Айца Францішка з прэзідэнтам Ізраіля Шымонам Перэсам, кіраўніком Палестынскай аўтаноміі Махмудам Абасам і Канстанцінопальскім патрыярхам Барталамеем, якая адбылася 8 чэрвеня 2014 г. у садах Ватыкана. З 2015 г. акцыя праводзіцца ва ўсім свеце 8 чэрвеня а 13-й гадзіне.
На агульнай аўдыенцыі ў сераду 5 чэрвеня папа Францішак нагадаў пра актуальнасць ініцыятывы:
«У суботу 8 чэрвеня прыпадае пятая гадавіна сустрэчы прэзідэнтаў Ізраіля і Палестыны са мной і з Патрыярхам Барталамеем, што адбылася тут, у Ватыкане.
А 13-й гадзіне мы запрошаны прысвяціць „адну хвіліну дзеля міру“ — малітвы для вернікаў і роздуму для тых, хто не верыць, — усе разам у імя большага братэрства ў свеце.
Дзякую Міжнароднаму каталіцкаму дзеянню, якое распаўсюджвае гэтую ініцыятыву».
Як праходзіць акцыя?
Ініцыятары заклікаюць усіх, каму дарагая справа міру, веруючых і няверуючых, затрымацца на хвіліну малітвы або маўчання.
Можна маліцца паасобку або ў супольнасці, дома, на працы, на вучобе. Магчыма таксама запланаваць на гэты час набажэнства ў інтэнцыі міру і правесці яго ў святыні або на вуліцы. Галоўнае, як адзначаюць ініцыятары акцыі, каб да яе далучылася як мага больш людзей і каб такім чынам ва ўсім свеце пашыралася справа міру.