30 мая, у 20-ю гадавіну трагедыі на Нямізе, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч памоліцца за ўсіх тых, хто ў ёй загінуў.
Трагедыя адбылася 30 мая 1999 года пад канец масавага мерапрыемства ў Мінску, калі людзі, хаваючыся ад дажджу, запоўнілі падземны пераход да станцыі метро «Няміга». Ва ўзніклай цісканіне загінула 53 чалавекі, а яшчэ звыш 250 пацярпелі. Большасць загінулых — маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 20 гадоў.
30 мая падчас св. Імшы ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, якая ў гэты дзень адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч будзе маліцца за ахвяраў трагедыі ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі (пл. Свабоды, 9), размешчаным непадалёк ад таго месца, дзе загінулі людзі.
Падчас св. Імшы, якая распачнецца ў 18.30, адбудзецца таксама благаслаўленне мемарыяльнай шыльды ў гонар кампазітара, арганіста і дырыжора Станіслава Манюшкі, 200-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета.