Прадстаўнікі 14 краін бяруць удзел у XXIII Міжнародным фестывалі «Магутны Божа», які праходзіць Магілёве з 18 па 25 мая.
Як паведамляе сайт mogilevnews.by, упершыню на фестывалі духоўнай музыкі ў Магілёў сустракаюць гасцей з Партугаліі, Швецыі і Аўстрыі. Усяго яго сёлета планавалі наведаць больш за паўтары тысячы ўдзельнікаў.
Традыцыйна праграма фестывалю прапануе выступленні прадстаўнікоў трох канфесій: праваслаўнай, каталіцкай і пратэстанцкай. Запланаваны і канцэрты вядомых прафесійных артыстаў, выканаўцаў духоўнай музыкі.
У касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава, з якога і пачыналася гісторыя фестывалю, пройдуць мерапрыемствы і канцэртныя праграмы, у тым ліку выступленне Тамары Рэмез (вакал) і Святлены Немагай (арган) з Мінска. У касцёле на працягу двух дзён будзе праходзіць міжнародны конкурс харавых і вакальных калектываў.
Відовішчным абяцае стаць гала-канцэрт фестывалю, якім адкрыецца яго дваццаць трэці сезон. Таксама ў межах мерапрыемства пройдуць выставы і літаратурна-музычныя праграмы, у тым ліку на адкрытых пляцоўках горада і ў Гарадскім цэнтры культуры і адпачынку, канцэрты — у абласным доме культуры, на стадыёне «Спартак», у гарадской ратушы, Камсамольскім скверы.
Плошча Зорак стане пляцоўкай для моладзевай аўдыторыі. Тут адбудзецца канцэрт духоўнай музыкі і паэзіі літаратурнай гасцёўні духоўна-асветніцкай газеты «Уваскрасенне».
У межах фестывалю ў парку Падніколле будзе арганізавана дзіцячае дабрачыннае свята «Шчырае сэрца» для дзяцей з цяжкімі формамі інваліднасці.
З 18 мая на пляцоўцы каля дыягнастычнага цэнтра Магілёва пачне працу духоўна-асветніцкая выстава-кірмаш «Радасць», прысвечаная 30-годдзю адраджэння Магілёўскай праваслаўнай епархіі. Запланаваны кніжныя выставы-панарамы і духоўна-асветніцкая музычная праграма «Святло жыцця».