21 мая ў Магілёўскім абласным выканаўчым камітэце прайшла сустрэча Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра і біскупскага вікарыя для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB з новым старшынёй аблвыканкама Леанідам Зайцам.
Сустрэча адбылася з нагоды XXIII Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа», які праходзіць у гэтыя дні ў старажытным шматканфесійным горадзе над магутным Дняпром.
Падчас сустрэчы былі абмеркаваны пытанні ўзаемаадносін паміж Каталіцкім Касцёлам і кіраўніцтвам вобласці.
Апостальскі нунцый і біскуп Аляксандр Яшэўскі закранулі ў размове некаторыя пытанні, якія іх хвалююць, а менавіта перадачу ва ўласнасць конкатэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве, справу бабруйскага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, асабліва вяртанне яму першаснага выгляду, дазвол на служэнне ва ўсходняй частцы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі замежных святароў як падтрымку дзеля абуджэння і ўмацавання веры, а таксама адраджэнне старажытнага санктуарыя Маці Божай Бялыніцкай — Каралевы Беларусі.
Прадстаўнік свецкай улады са свайго боку выказаў задаволенасць ад прысутнасці на Магілёўшчыне біскупа і ад паспяховага супрацоўніцва ў розных сферах грамадскага і рэлігійнага жыцця рэгіёну.
Каталіцкі Касцёл, як было адзначана, праз гэтае служэнне стаў больш бачным і больш прысутным.
Было абмеркавана таксама пытанне тэмпаў будаўніцтва касцёла св. Антонія на скрыжаванні праспекта Шмідта і вуліцы Астроўскага ў Магілёве.