Падрыхтоўка да Будслаўскага фэсту 2019, ад якога нас аддзяляюць ужо два месяцы, распачынаецца ў нядзелю 5 мая ў касцёле Маці Божай Будслаўскай у Мінску.
Пасля св. Імшы а 10-й гадзіне кс. Аляксандр Улас, дырэктар партала Catholic.by, цікава і даступна распавядзе пра цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай, а таксама прадставіць фотавыставу, прысвечаную святыні.
На ўнікальных кадрах, зробленых падчас замены шкла, можна зблізу ўбачыць дэталі жывапісу і акладу іконы Маці Божай Будслаўскай, а таксама некаторыя найбольш цікавыя вотумы, змешчаныя каля абраза.
Духоўная падрыхтоўка праходзіць па ініцыятыве пробашча сталічнай парафіі Маці Божай Будслаўскай кс. каноніка Францішка Рудзя ў супрацоўніцтве з Нацыянальным санктуарыем Маці Божай у Будславе і парталам Catholic.by.
Ёсць магчымасць па невысокім кошце набыць высокаякасныя рэпрадукцыі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Усе атрыманыя сродкі пойдуць на падтрымку дзейнасці партала Catholic.by.
Адрас касцёла: г. Мінск, вул. Прытыцкага, 107-А (праезд да ст. м. «Каменная Горка»).