2 сакавіка, напярэдадні 200-гадовага юбілею Станіслава Манюшкі, у мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы (пр. Незалежнасці, 44а) адбудзецца канцэрт вакальнай і арганнай музыкі «Да Цябе, Божа».
Канцэрт дасць слухачам магчымасць пазнаёміцца з малавядомым бокам асобы кампазітара: як літургічнага арганіста і аўтара духоўных твораў.
Вакальныя творы Манюшкі прагучаць на трох мовах: польскай, лацінскай і беларускай. Пераклады на беларускую былі зроблены спецыяльна для юбілейнай праграмы даследчыцай творчасці кампазітара Святленай Немагай з мэтай наблізіць творчасць кампазітара да айчыннага слухача.
Канцэрт будзе суправаджацца чытаннем успамінаў родных і сучаснікаў Манюшкі, а таксама выказваннямі самога кампазітара аб рэлігійнай музыцы.
Праграма прагучыць у выкананні салісткі Белдзяржфілармоніі, лаўрэата міжнародных і нацыянальных конкурсаў Тамары Рэмез (сапрана) і музыказнаўцы-беларусіста, арганісткі Святлены Немагай.
Пачатак канцэрту ў 20.00.
Уваход вольны.