Пошук

14.01.2019 11:45   Тэкст: а. Леанард Адушкевіч OSPPE / Фота: katolik.life / Catholic.by

«Калі ўвесь горад будзе спаць, мы будзем чуваць у малітве разам з Езусам» — такі дэвіз выбрала моладзь маладой парафіі ў Гомелі для малітоўнага чування, якое ў ноч з 18 на 19 студзеня пройдзе ў капліцы на месцы будаўніцтва касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Гэтую капліцу на Рэчыцкім праспекце Гомеля благаславіў 16 лістапада дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Да гэтага часу ў Гомелі дзейнічаў адзіны на ўвесь вялікі прамысловы мегаполіс касцёл. Цяпер жа ў вернікаў другога па велічыні горада краіны з’явілася магчымасць менш часу траціць на дарогу да касцёла і часцей браць удзел у набажэнствах.

З 24 снежня пробашчам парафіі быў прызначаны а. Леанард Адушкевіч з ордэна святога Паўла, першага пустэльніка (паўліны), і з гэтага часу ў капліцы штодзённа адбываецца святая Імша і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Парафія толькі распачала сваю дзейнасць, але ў ёй ужо адчуваецца жаданне вернікаў актыўна прымаць удзел у яе далейшым развіцці. Цяпер, калі парафія мае свайго душпастыра і месца для сустрэчы, кожны дзень падчас малітвы на ружанцы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам гучыць просьба аб заступніцтве Маці Божай у справе хутчэйшага будаўніцтва касцёла.

Менавіта гэтая інтэнцыя, а таксама Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў, які распачнецца ў Каталіцкім Касцёле 18 студзеня, падштурхнулі мясцовую моладзь правесці начное малітоўнае чуванне.

Імшу ўзначаліць біскуп Казімір Велікаселец. Потым адбудзецца выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Адарацыя будзе трываць на працягу ўсёй ночы. Падчас чування вернікі будуць супольна маліцца на ружанцы ў патрэбах парафіі і за адзінства паміж хрысціянамі, Вяночкам за тых, каму найбольш патрэбна Божая міласэрнасць, а таксама сваімі словамі проста і шчыра дзякаваць Богу за сваё жыццё.

Будзе час, каб праслаўляць Пана спевамі, і час, каб у цішыні ўглядацца ў Яго, прысутнага на алтары, і даць магчымасць Яму размаўляць з намі ў нашым сэрцы. Таму на чуванне запрашаецца не толькі моладзь, але і вернікі ўсіх узростаў, каб у еднасці з Езусам трываць у малітве.

Падчас перапынку на гарбату і каву будзе цудоўная магчымасць пазнаёміцца паміж сабой і падзяліцца сваімі жыццёвымі сведчаннямі. А разважанні, якія падрыхтуе і правядзе айцец Леанард Адушкевіч, дапамогуць прыняць асабістыя духоўныя пастановы, каб нашыя адносіны з Богам не скончыліся з усходам сонца і завяршэннем адарацыі, але каб мы чувалі ў нашым штодзённым жыцці.

«Чувайце, трывайце ў веры, будзьце мужнымі і моцнымі» (пар. 1 Кар 16, 13), — гэтыя словы з Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў будуць натхняць удзельнікаў чування на працягу ўсёй ночы.

Праграма начнога чування

  • 21.00 — св. Імша
  • 22.00 — выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту (спантанная малітва, падзякі, інтэнцыі, спевы)
  • 23.00 — Ружанец (Балесныя таямніцы з разважаннямі св. Маці Тэрэзы); на заканчэнне — літанія да Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста
  • 0.00 — катэхеза 1 (а. Леанард); пасля катэхезы — разважанне ў цішыні
  • 1.00 — Ружанец (Хвалебныя таямніцы з разважаннямі св. Яна Паўла ІІ); на заканчэнне — літанія да Духа Святога і малітва аб сямі дарах Духа Святога
  • 2.00 — малітва ў цішыні (І група), перапынак на гарбату (ІІ група)
  • 3.00 — Вяночак да Божай Міласэрнасці з разважаннямі св. Фаўстыны; на заканчэнне — літанія да Божай Міласэрнасці
  • 3.30 — малітва ў цішыні (ІІ група), перапынак на гарбату (І група)
  • 4.30 — Ружанец (таямніцы Святла з разважаннямі св. Маці Тэрэзы); на заканчэнне — літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса і малітва прысвячэння роду людскога Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса
  • 5.30 — катэхеза 2 (а. Леанард); пасля катэхезы — разважанне ў цішыні
  • 6.30 — Ружанец (Радасныя таямніцы з разважаннямі св. Яна Паўла ІІ); на заканчэнне — літанія да Найсвяцейшай Панны Марыi
  • 7.30 — Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыi
  • 8.30 — св. Гадзіна (з малітоўніка)
  • 9.00 — св. Імша

Пробашч маладой гомельскай парафіі айцец Леанард Адушкевіч заклікае моладзь не саромецца задаваць пытанні і з гэтай мэтай дае свой нумар тэлефону:
+375 (29) 802 99 45

Капліца парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі знаходзіцца па адрасе:

Гомель, Рэчыцкі праспект, прыпынак «Сонечная».

Расклад набажэнстваў:

  • панядзелак, серада, пятніца: 17.30 — адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, 18.30 — святая Імша
  • аўторак, чацвер, субота: 08.00 — адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, 09.00 — святая Імша
  • нядзеля: 08.00 — адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, 09.00 — святая Імша, 12.00 — святая Імша

У раскладзе магчымыя невялікія змены.

Абноўлена 18.01.2019 13:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.