Пошук

15.12.2018 19:27   JAN.by / Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

24-гадзінная адарацыя ў інтэнцыі абароны жыцця і сям’і, якая 20–21 снежня пройдзе ў мінскай парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Марыі Кольбэ, стане адказам сталічных католікаў на выклікі «цывілізацыі смерці».

Нашыя сем’і знаходзяцца пад няспынным ціскам шматлікіх пагрозаў, якія св. Ян Павел ІІ назваў «цывілізацыяй смерці». Сёння Беларусь апынулася ў сусветных лідарах па колькасці разводаў, абортаў, венерычных захворванняў, алкагалізма і самазабойстваў. Сужэнская нявернасць і нячыстасць перад шлюбам сталі сумнай «нормай». З кожным годам расце працэнт бясплодных сужэнцаў.

Нашая краіна вымірае, таму што беларусы ў большасці сваёй дазвалаюць нарадзіцца толькі аднаму дзіцяці.

Для апраўдання маладзетнасці звычайна спасылаюцца на фінансавыя цяжкасці, хоць усім вядома, што самыя багатыя краіны — найбольш маладзетныя. Гэта значыць, што прычына знішчэння традыцыйнай хрысціянскай мадэлі сям’і — не фінансавы, а духоўны крызіс.

Фота Віталія Палінеўскага

Акрамя таго, апошнім часам у Беларусі на розных узроўнях, у тым ліку і на дзяржаўным, актывізавалася прапаганда антысямейнай гендарнай ідэалогіі, якая імкнецца да знішчэння традыцыйных каштоўнасцяў і прапагандуе сексуальную разбэшчанасць. Выразна відаць, што прычыны гэтага крыюцца ў глыбокім духоўным і маральным бязладдзі.

Такая сітуацыя патрабуе ад хрысціянаў неадкладнага адказу, і гэты адказ павінен быць у першую чаргу духоўным дзеяннем, асабліва цяпер, у час Адвенту, калі мы ў чуванні чакаем прыйсця Хрыста і разважаем над таямніцай Святой Сям’і.

Ксяндзы хрыстусоўцы, якія духоўна апякуюцца мінскай парафіяй св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ, заклікаюць узяць удзел у 24-гадзіннай адарацыі ў інтэнцыі абароны жыцця і сям’і, а таксама дзеля перапрашэння за жудасныя грахі супраць жыцця і сям’і, якія здзяйсняюцца на нашай зямлі: аборты, кантрацэпцыю, штучнае апладненне, распусту, разводы, гомасексуалізм, парнаграфію, псаванне цнатлівасці дзяцей.

Адарацыя распачнецца св. Імшой а 19-й гадзіне ў чацвер 20 снежня і скончыцца св. Імшой а 19-й гадзіне ў пятніцу 21 снежня.

Фота Віталія Палінеўскага

Рыма-каталіцкая парафія cв. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ ў г. Мінску запрашае ўсіх неабыякавых вернікаў далучыцца да гэтай пачэснай духоўнай справы.

Адрас капліцы: вул. Матусевіча, 80.

Абноўлена 15.12.2018 19:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа