1 cнежня ў нарачанскай парафіі св. апостала Андрэя адбудзецца традыцыйная дэканальная сустрэча моладзі «Андрэйкі».
Як і штогод, сёлетнія «Андрэйкі» ў Нарачы — тэматычныя і прысвечаны пяцігоддзю пантыфікату папы Францішка. З гэтай нагоды падчас сустрэчы пройдзе конкурс ведаў пра Святога Айца, пераможцы якога атрымаюць узнагароды.
Правядзенне конкурсаў ведаў у Нарачы падчас моладзевых сустрэчаў ужо стала тут добрай традыцыяй. Касцёл і Другі Ватыканскі Сабор, 100-годдзе з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка, 500-годдзе з дня нараджэння славутай кармэліткі св. Тэрэзы Вялікай, каталіцкія місіі — гэтым тэмам былі прысвечаны конкурсы ведаў у нарачанскай парафіі.
Нарачанскія «Андрэйкі» — гэта не толькі вясёлая забава, але і магчымасць паглыбіць свае рэлігійныя веды і духоўна ўзбагаціцца.
Парафія св. апостала Андрэя ў аг. Нарач запрашае моладзь Мядзельскага дэканата на «Андрэйкі» і жадае, каб час духоўнай падрыхтоўкі да гэтага свята стаў для кожнага маладога чалавека магчымасцю больш даведацца пра сённяшняга наступніка святога апостала Пятра (матэрыялы для падрыхтоўкі да конкурсу ведаў ТУТ>>>).
Праграма сустрэчы:
- 17.00 — св. Імша
- 17.45 — конкурс ведаў пра папу Францішка
- 18.00 — пачастунак (паўнавартасная вячэра)
- 18.30 — дыскатэка з забаўляльнай праграмай
- 21.00 — узнагароджанне пераможцаў конкурсу ведаў