З 21 па 29 ліпеня пры францішканскім кляштары ў Івянцы (Мінская вобл., Валожынскі р-н) пройдзе чарговая «Музычная майстэрня»: серыя майстар-класаў па касцёльнай музыцы і спеву. Сёлетнюю «Майстэрню» правядуць музыканты Ян Паспяшальскі і Хуберт Кавальскі.
«Майстэрня» — гэта не сход аматараў музыкі і не спевы каля вогнішча. Музычныя майстар-класы — гэта перадусім інтэнсіўная праца і лекцыі. У сувязі з гэтым просьба дэлегаваць у якасці ўдзельнікаў выключна тых людзей, якія сапраўды зацікаўленыя ў касцёльным спеве. Досвед супольнага спеву ў хоры ці іншых групах заахвочваецца.
Сёлета «Музычную майстэрню» праводзяць:
- Ян Паспяшальскі — музыкант, журналіст, тэлевядучы, заснавальнік і арганізатар «Музычнай майстэрні»;
- Хуберт Кавальскі — папулярны кампазітар літургічнай музыкі, аўтар шматлікіх музычных праектаў, звязаны з Дамініканскім літургічным асяродкам у Кракаве, дырыжор, кантрабасіст і спявак.
Музыканты, якія праводзяць майстар-класы, далучацца да «Майстэрні» 23 ліпеня.
Умовы ўдзелу:
- пражыванне прадугледжана ў намётавым мястэчку пры кляштары францішканаў; з сабой неабходна мець спальнік і турыстычны дыванок, па магчымасці — уласны намёт;
- кошт удзелу — 20 руб. (пакет удзельніка + харчаванне);
- для ўдзельнікаў прадугледжана харчаванне на працягу дня і гарачая вада;
- лекцыі будуць перакладацца на беларускую мову;
- арганізатары просяць удзельнікаў узяць з сабою спеўнікі, нататнікі і музычныя інструменты;
- заезд і рэгістрацыя — 21 ліпеня з 14.00.
Што дае «Майстэрня»?
«Новыя знаёмствы, добра праведзены час, умацаванне ў веры і, канешне, музычныя веды. Да „Майстэрні“ я ведаў пра свой музычны патэнцыял, але мала выкарыстоўваў яго. Бог праз „Майстэрню“ дапамог мне адкрыть свае музычныя таленты. Я ніколі не пашкадую, што некалькі гадоў таму прыехаў сюды ў першы раз і далучыўся да гэтай вялікай сям’і!» (Сведчанне Івана Шумскага, супольнасць Ubi Caritas)
Зарэгістравацца для ўдзелу можна ТУТ >>>