Пошук

23.05.2018 19:12   Catholic.by

29–30 мая ў Мінску пройдуць XXIV Міжнародныя Кірыла-Мяфодзьеўскія чытанні на тэму «Хрысціянства як інтэгруючы фактар сусветнай культуры».

Штогадовыя Кірыла-Мяфодзьеўскія чытанні — форум, які на працягу ўжо больш чым 20 гадоў аб’ядноўвае спецыялістаў і навукоўцаў з краін блізкага і далёкага замежжа, што працуюць у галіне багаслоўя, гісторыі, філасофіі, культуралогіі і рэлігіязнаўства. Гэтая канферэнцыя з’яўляецца, такім чынам, унікальнай пляцоўкай для абмеркавання навуковых працаў, пошукаў у сферы гуманітарных ведаў, абмеркавання праблем міжкультурнага і міжканфесійнага дыялогу, хрысціянскай духоўнасці і яе значэння для сучаснага свету. У гэтым годзе на яе запрошаны больш за 100 удзельнікаў, сярод якіх навукоўцы з краін СНД і далёкага замежжа.

Арганізатарамі Кірыла-Мяфодзьеўскіх чытанняў выступаюць Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла», Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Мінская духоўная акадэмія імя свяціцеля Кірыла Тураўскага. Правядзенне чытанняў праходзіць пры падтрымцы Мінгарвыканкама, Беларускага Экзархату, Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Адкрыццё Кірыла-Мяфодзьеўскіх чытанняў адбудзецца 29 мая ў 14.30 у канферэнц-зале Мінскай гарадской ратушы (Плошча Свабоды, 2). У цырымоніі адкрыцця і пленарным пасяджэнні прымуць удзел Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, міністэрстваў і ведамстваў, навуковых установаў Беларусі, рэктары ВНУ, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу.

У межах адкрыцця чытанняў адбудзецца першы фестываль харавога спеву «Спяваюць дзеці — спявае горад!», які арганізуе Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі. У фестывалі прымуць удзел хоры 16 установаў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска, а таксама хор Мінскай духоўнай акадэміі.

Другі дзень працы канферэнцыі пачнецца з пленарнага пасяджэння ў актавай зале Мінскай духоўнай акадэміі (вул. Зыбіцкая, 27), пасля чаго чытанні працягнуцца ў фармаце наступных секцый:

Секцыя 1. Біблія ў жыцці грамадства;
Секцыя 2. Багаслоўе культуры;
Секцыя 3. Культура этнаканфесійнага добрасуседства;
Секцыя 4. Актуальныя пытанні гісторыі Беларускай Праваслаўнай Царквы;
Секцыя 5. Да 5-годдзя прыняцця афіцыйнай пазіцыі Рускай Праваслаўнай Царквы па актуальных праблемах экалогіі;
Секцыя 6. Хрысціянскія каштоўнасці і фарміраванне сацыяльнай рыначнай гаспадаркі;
Секцыя 7. Хрысціянскія каштоўнасці ў сістэме адукацыі.

На заканчэнне канферэнцыі пройдуць круглыя сталы: «Сучасная рэлігійнасць: паралельнасць інтэгруючых і дэзінтэгруючых працэсаў у грамадстве» ў Інстытуце тэалогіі БДУ і «Духоўнасць, маральнасць традыцыі. Хрысціянскія каштоўнасці ў сістэме адукацыі» ў Мінскай духоўнай акадэміі.

Кантактная асоба для СМІ:

+375 33 696 99 41 Алена Сяргееўна Пацеева

Абноўлена 23.05.2018 19:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця