29 мая ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, Маладзечанскі дэкан, адзначыць 40-ю гадавіну прэзбітэрскага пасвячэння.
Для пробашча парафіі Св. Юзафа ў Маладзечне гэты год з’яўляецца багатым на юбілеі.
25 красавіка вернікі і святары Маладзечаншчыны, а таксама прадстаўнікі мясцовай улады віншавалі святара з 65-годдзем з дня нараджэння.
Ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі нарадзіўся ў г. Даўгаўпілс (Латвія), скончыў Рыжскую духоўную семінарыю. Але амаль усю святарскую дзейнасць ён прысвяціў Беларусі — адраджэнню і аднаўленню парафій, адукацыйнай дзейнасці на карысць дзяцей і моладзі, дапамозе самотным і састарэлым людзям.
У ксяндза прэлата шмат паслядоўнікаў — 15 святароў (сярод якіх і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі) і тры законніцы.
Паважаны наш святар, ксёндз прэлат Эдмунд! Ад чыстага сэрца жадаем Вам шчодрых дароў Святога Духа, няспыннай апекі Панны Марыі, добрага здароўя, душэўнага супакою на кожны дзень святарскага служэння і добрых людзей побач. Няхай з Божай дапамогай здейсняцца ўсе Вашыя планы і намеры! Аддзяч Вам Божа!