Пошук

04.05.2018 13:58   Кацярына Дварэцкая / Catholic.by

9 мая адбудзецца традыцыйная пешая аднадзённая пілігрымка з Пінска ў санктуарый Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішыне. Арганізатарамі паломніцтва выступаюць катэдральная парафія і духоўная семінарыя ў Пінску.

Гісторыя пілігрымкі да Маці Божай у цудадзейным лагішынскім абразе сягае часоў сярэднявечча. У канцы 1980-х, пасля часоў атэізму, пілігрымка набыла новы імпульс між іншым дзякуючы старанням тагачаснага пробашча ў Пінску, пазней кардынала Казіміра Свёнтка.

Тое, што пілігрымка выходзіць менавіта 9 мая, звязана з датай каранацыі лагішынскага абраза. Менавіта 9-10 мая 1997 г. адбыліся ўрачыстасці яго ўвянчання каронамі, благаслаўлёнымі і перададзенымі папам Янам Паўлам ІІ. Тады Святы Айцец афіцыйна пацвердзіў наданне Багародзіцы ў лагішынскай выяве тытулу Каралевы Палесся і галоўнай апякункі Пінскай дыяцэзіі. З таго часу 9-10 мая штогод у Лагішыне адбываюцца ўрачыстасці ў памяць аб папскай каранацыі цудадзейнага абраза і надання яму тытулу дыяцэзіяльнай святыні.

Сёлета выхад пілігрымкі плануецца 9 мая ў 8.00 раніцы з катэдральнай базылікі ў Пінску. Завершыцца паломніцтва вечарам у 18.00 спецыяльным марыйным набажэнствам і урачыстай святой Імшой у Лагішынскім санктуарыі. У межах пілігрымкі арганізатары абяцаюць паломнікам адмысловую духоўную праграму. Таксама пілігрымы, якія прыедуць з іншых парафій, будуць забяспечаныя транспартам, начлегам і харчаваннем. Ужо вечарам 8 мая пінская катэдра гасцінна будзе прымаць першых пілігрымаў на начлег.

Каталіцкая моладзь Пінска і семінарысты запэўніваюць, што майская пілігрымка ў Лагішын дадасць кожнаму неабходны зарад духоўных сіл, каб надалей з Божай радасцю ісці па жыцці.

Падрабязную інфармацыю пра пілігрымку можна атрымаць па тэлефонах: +375 165 323 157, +375 29 809 30 95,+375 29 727 31 98.

e-mail: pinskdioces@gmail.com

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.