Пошук

25.04.2018 16:21   Catholic.by

26 красавіка з’яўляецца ў Беларусі Днём памяці Чарнобыльскай трагедыі. З гэтай нагоды ў Мінску пройдуць памятныя мерапрыемствы ў 32-ю гадавіну аварыі на ЧАЭС, у якіх як прадстаўнік Каталіцкага Касцёла возьме ўдзел кс. канонік Францішак Рудзь, пробашч сталічнай парафіі Маці Божай Будслаўскай.

Першае мерапрыемства, арганізаванае Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам, распачнецца ў 11.00 каля мемарыяльнай капліцы ў гонар іконы «Сысканне загінулых» у парку Дружбы народаў непадалёк ад скрыжавання вуліц Арлоўскай і Лілі Карастаянавай. Плануецца, што ў ім прымуць удзел прадстаўнікі дзяржаўных уладаў розных узроўняў, дыпламатычных прадстаўніцтваў, рэлігійных супольнасцяў і іншых арганізацый. Удзельнікі мерапрыемства ўскладуць кветкі да памятных знакаў «Ахвярам Чарнобыля» і «Камень міру Хірасімы».

Увечары таго ж дня пройдзе традыцыйны Чарнобыльскі шлях на ўшанаванне ахвяраў страшэннай тэхнагеннай катастрофы ў галіне т.зв. «мірнага атаму». У адпаведнасці з дазволам Мінгарвыканкама на правядзенне сёлетняга Чарнобыльскага шляху, яго ўдзельнікі збяруцца з 18.00 да 18.30 на пляцоўцы каля ўваходу ў кінатэатр «Кастрычнік» (пр. Незалежнасці, 73), пасля чаго пройдуць па тратуарах па праспекце Незалежнасці, вуліцах Сурганава і Арлоўскай да скрыжавання з вуліцай Лілі Карастаянавай, дзе каля 20.00 адбудзецца мітынг-малітва і ўскладанне кветак да памятнага знаку «Ахвярам Чарнобыля».

Абноўлена 30.04.2018 08:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця