Бэтлеемскі агонь, які традыцыйна перад святамі Божага Нараджэння ў Беларусь прывозяць скаўты, у беларускую сталіцу прыбудзе 20 снежня. Напярэдадні яго даставяць у катэдру ў Гродне.
Раніцай 19 снежня агонь, запалены ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме, будзе дастаўлены на беларуска-польскую мяжу. Затым прадстаўнікі польскага згуртавання скаўтаў ZHP урачыста перададуць агонь з Бэтлеема ў катэдральны касцёл святога Францішка Ксаверыя ў Гродне ў 17.00.
Там эстафету перадачы агню распачнуць каталіцкія скаўткі і скаўты.
20 снежня ў 18.30 Бэтлеемскі агонь даставяць у архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.
З 19 па 23 снежня каталіцкія скаўты і скаўткі запаляць лампады Бэтлеемскім агнём у касцёлах розных гарадоў і мястэчак Беларусі.
Як агонь прыбывае ў Еўропу?
Кожны год перад святам Божага Нараджэння прадстаўнікі аўстрыйскіх скаўтаў і некалькі супрацоўнікаў Аўстрыйскай тэлерадыёкампаніі накіроўваюцца ў Бэтлеем, каб прывезці сімвал Раства — агонь нязгаснай лампады, які гарыць у базыліцы Нараджэння Пана.
На самалецё агонь дастаўляюць у Вену. Затым скаўты і скаўткі з рук у рукі перадаюць агонь сваім братам і сёстрам з розных краін. Такім чынам сімвал Божага Нараджэння, а таксама супакою, надзеі і згоды, яднае жыхароў розных краін.
З гісторыі перадачы Бэтлеемскага агню
Гісторыя распаўсюджвання Бэтлеемскага агню налічвае больш за 30 гадоў. У 1986 годзе прадстаўнікі Аўстрыйскай тэлерадыёкампаніі ўпершыню даставілі запаленую ў Бэтлееме лампаду, каб падтрымаць хворых і самотных людзей напярэданні свята Божага Нараджэння. Акцыю падтрымалі аўстрыйскія скаўты. Дзякуючы іх ініцыятыве яна стала міжнароднай.
У 1998 годзе агонь з Бэтлеема быў дастаўлены ў 22 краіны Еўропы. У 2001 годзе акцыя пашырылася далёка за межы еўрапейскага кантынента: лампада з Бэтлеемскім агнём была перададзена ў ЗША.
На афіцыйным ўзроўні акцыю падтрымліваюць кіраўнікі ўсіх хрысціянскіх Цэркваў Еўропы. У свой час акцыю благаславілі Ян Павел II і Бэнэдыкт XVI. Акцыю падтрымліваюць не толькі царкоўныя іерархі, але і прадстаўнікі дзяржаўных уладаў розных краін Еўропы.
Бэтлеемскі агонь і Беларусь
У 1998 годзе агонь з Бэтлеема быў упершыню запалены ў святынях Беларусі. Гэтая падзея адбылася дзякуючы сябрам польскага згуртавання скаўтаў ZHP.
У 2008 годзе каталіцкія скаўты і скаўткі з Беларусі ўпершыню прынялі ўдзел у акцыі. У гэтым годзе каталіцкія скаўты плануюць перадаць Бэтлеемскі агонь у парафіі больш чым 30 гарадоў і мястэчак Беларусі.
«Перадача Бэтлеемскага агню — прыгожая акцыя, якая аб'ядноўвае хрысціян. І для нас, каталіцкіх скаўтаў, удзельнічаць у гэтай справе — вялікі гонар. Бо што можа быць лепшым, чым прынесці святло Езуса туды, дзе яго чакаюць», — кажа генеральны камісар каталіцкіх скаўтак у Беларусі Юлія Чарніцкая.
«Няхай полымя агню з Бэтлеема нагадвае кожнаму чалавеку аб сапраўднай радасці, якую нясе Езус Хрыстус! З надыходзямым святам Божага Нараджэння», — дадае генеральны камісар каталіцкіх скаўтаў у Беларусі Павел Бельскі.
Распаўсюджанне Бэтлеемскага агню будзе доўжыцца да 23 снежня.