На пачатку новага літургічнага года, які распачнецца перыядам Адвэнту, на нашым сайце будзе запушчаны электронны варыянт Літургіі гадзінаў на беларускай мове.
Урачысты пачатак будзе дадзены 2 снежня ў 12.00 у сядзібе Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ў Беларусі. За падзеяй можна будзе сачыць анлайн — сумесную прамую трансляцыю будуць весці Catholic.by і «Радыё Марыя» ў Беларусі.
Узначаліць гэтую падзею арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
Мітрапаліт здзейсніць першы запуск адмысловай інтэрнэт-старонкі, а затым памоліцца, карыстаючыся сучаснымі тэхнічнымі дасягненнямі, разам з тымі, хто працаваў над перакладам тэкстаў і іх тэхнічным размяшчэннем у лічбавай прасторы. Далучыцца да супольнай малітвы праз трансляцыю запрашаюцца ўсе жадаючыя!