У нядзелю 16 ліпеня айцы і браты кармэліты босыя адзначаюць ўрачыстасць Маці Божай з Гары Кармэль. Асноўныя ўрачыстасці адбудуцца ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Гудагаі. У Мінску ў парафіі Божага Цела ў гэты дзень таксама пройдзе адпустовая ўрачыстасць Маці Божай Шкаплернай.
Святыя Імшы ў гэты дзень адбудуцца ў 9.00, 12.00 і 19.00.
Цэнтральную св. Імшу ў 12.00 узначаліць кс. Антон Анціпенка, новапрэзбітэр з Пінскай дыяцэзіі. Пасля Імшы святар удзеліць прыміцыйнае благаслаўленне.
Таксама пасля св. Імшы будзе магчымасць апрануць святы шкаплер з рук айцоў кармэлітаў.
Урачыстасць пройдзе па адрасе:
Мінск, вул. Герасіменкі 6/1
Што такое шкаплер:
Кармэліцкі шкаплер з’яўляецца знакам апекі і заступніцтва Марыі, нашай Каралевы, Сястры і Маці. Уводзіць нас у рэчаіснасць духоўнага мацярынства Марыі, якая пад Крыжам атрымала ад Хрыста заданне клапаціцца пра кожнага чалавека (пар. Ян 19, 26). Адказваючы на просьбу Сына, Яна ахінае нас сваёй апекай, "як плашчом”. Марыя вучыць нас наследаванню Езуса. Шкаплер жа азначае нашую гатоўнасць стаць падобнымі да Яе Сына. Кожны, хто апранае святы шкаплер, далучаецца да марыйнай пабожнасці Кармэлю: мае ўдзел ва ўсіх духоўных плёнах малітвы і жыцця кармэліцкай сям’і і ўсю спадчыну Кармэлю можа лічыць сваёй.
Ідэал Кармэлю – верная малітва, сузіранне Бога, свабода і служэнне братам па прыкладзе Марыі, якое вынікае з гэтай свабоды. Гэтыя заданні можна рэалізаваць рознымі спосабамі, згодна са станам свайго жыцця. Вяршыняй кармэліцкага ідэалу з’яўляецца гатоўнасць ісці разам з Марыяй, а таксама з сёстрамі і братамі да Бога, які з’яўляецца Любоўю.
Абяцанні
- Хто памрэ, адзеты ў шкаплер, той не спазнае агню пякельнага.
- Хто носіць шкаплер і аддае пашану Маці Божай, той мае Яе апеку над душой і целам у гэтым жыцці і, асабліва, у хвіліну смерці.
- Кожны, хто пабожна носіць шкаплер і захоўвае чыстасць паводле жыццёвага стану, будзе выбаўлены з чысца ў першую суботу пасля сваёй смерці.
- Той, хто прыняў шкаплер, мае ўдзел у духоўных дабротах кармэліцкага ордэна ў гэтым жыцці і пасля смерці, а менавіта: у св. Імшах, св. Камуніях, пастах, адпустах, малітвах, адрачэннях.