
З 15 па 18 кастрычніка ў рэкалекцыйным доме «Голас Айца» у Росі (Гродзенская дыяцэзія, Ваўкавыскі дэканат) адбудзецца курс хрысціянскага жыцця Cursillo. У Беларусі сёлета ён пройдзе ў пяты раз.
Гэты курс з’яўляецца асаблівай формай апостальскага руху ў Каталіцкім Касцёле. Cursillos де Cristiandad, што можна перакласці з іспанскай мовы як «Маленькі курс хрысціянскага жыцця», быў заснаваны ў 1944 годзе на Маёрцы, у Іспаніі. Курс звычайна доўжыцца тры дні, яго цэнтральныя тэмы — Хрыстус, Касцёл, жыццё ў ласцы. Гэты інтэнсіўны трохдзённы курс не мае навучальнага характару, але і не з’яўляецца тым, што называюць словам «рэкалекцыі». Ён складаецца са сведчання рэальнага жыццёвага досведу звычайных людзей, які становіцца асновай для дыскусій у невялікіх групах. Сведчанні і абмен меркаваннямі чаргуюцца з песнямі, размовамі, малітвай.
Курс дае ўдзельнікам магчымасць лепш уявіць сабе, якім хрысціянінам павінен быць у штодзённым жыцці чалавек ХХІ стагоддзя.
Курс прызначаны для ўсіх, хто хоча сур’ёзна зірнуць на сябе, сваё жыццё, адносіны з іншымі людзьмі і Богам.
На курс запрашаюцца перш за ўсё тыя, хто не прымаў удзелу ў сістэматычнай катэхізацыі.
У курсе таксама могуць удзельнічаць тыя, хто не з’яўляецца католікамі.
Узрост удзельнікаў — ад 18 гадоў.
Папярэдні запіс абавязковы.
Пра ўдзел паведаміць па тэлефоне: +375 (29) 589 52 89 — ксёндз Міхал Васількевіч







