
У Гродне праводзіцца набор слухачоў на «Курсы сямейнага жыцця» пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі на 2026/2027 навучальны год. Гэтая праграма ўжо некалькі гадоў падтрымлівае вернікаў ва ўмацаванні сямейных каштоўнасцей і дае ім прафесійныя веды для таго, каб служыць іншым.
Заняткі арганізуюцца пры касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля па адрасе: г. Гродна, мікрараён Дзевятоўка, вул. Курчатава, 41. Навучанне разлічана на тры з паловай гады і праходзіць у завочнай форме. Слухачы будуць сустракацца адзін раз на месяц з кастрычніка па чэрвень у фармаце сесій (уік-эндаў), што дазваляе сумяшчаць заняткі з працай ці паўсядзённымі справамі.
Каго запрашаюць?
У курсе могуць прымаць удзел усе жадаючыя, зацікаўленыя дабром сям’і.
Галоўная мэта курсаў — падрыхтоўка сямейных дарадчыкаў, якія могуць дапамагаць пры парафіі, суправаджаць сямейныя пары да сакрамэнту сужэнства, праводзіць сямейныя кансультацыі, а таксама навучанне выкладчыкаў натуральнага планавання сям’і.
Што ў праграме навучання?
У праграму курсаў уключаны наступныя дысцыпліны:
- тэалогія і духоўнасць сужэнства;
- псіхалогія сямейных адносін і ўзроставая псіхалогія;
- этыка, біяэтыка і адказнае бацькоўства;
- метады вырашэння сямейных канфліктаў і крызісаў;
- практычныя асновы кансультавання і працы з парамі.
Выкладчыкамі з’яўляюцца кваліфікаваныя духоўныя і свецкія асобы.
Як паступіць?
Каб трапіць на навучанне, неабходна прайсці кваліфікацыйную размову.
Запісацца на яе можна да 15 кастрычніка па тэлефоне:
+375 (29) 588-42-73 — Ірына Мялешка.
Кваліфікацыйная размова для кандыдатаў адбудзецца 17 кастрычніка.
З сабой неабходна мець наступныя дакументы:
- уласнаручна напісаная заява аб прыняцці на курсы з матывацыяй свайго рашэння;
- уласнаручна напісаная кароткая аўтабіяграфія;
- рэкамендацыя ад пробашча;
- 2 фота 3х4;
- ксеракопія пасведчання аб сярэдняй або вышэйшай адукацыі;
- ксеракопія пашпарта (с. 31–33).
Што атрымаюць выпускнікі?
Па водгуках слухачоў, «Курсы сямейнага жыцця» дазваляюць атрымаць не толькі глыбокія веды ў галіне псіхалогіі, але і знайсці аднадумцаў, якія падтрымліваюць на шляху да ўмацавання веры і сямейных адносін. Многія з навучэнцаў адзначаюць, што курсы сталі пунктам адліку для пераасэнсавання ўласнага жыцця і натхнілі на збліжэнне з Богам.
Пасля заканчэння курсу выпускнікі атрымліваюць адпаведныя дыпломы, якія даюць права на кансультацыйную дзейнасць пры парафіях.






