
19 верасня Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай стане цэнтрам прыцягнення для ўсіх, хто шукае глыбіні веры і братэрскай еднасці. Першы Францішканскі кангрэс, які аб’яднае прадстаўнікоў усіх галін ордэна і свецкіх прыхільнікаў, абяцае стаць не проста мерапрыемствам, а сапраўднай духоўнай падзеяй года пад знакам юбілею святога Францішка з Асізі.
З нагоды Юбілейнага года святога Францішка браты францішкане ўсіх трох галін (OFM, OFMConv, OFMCap), Францішканскі ордэн свецкіх і супольнасць «ФМ Таў» запрашаюць 19 верасня ў Будслаў на свой агульнабеларускі форум — Першы Францішканскі кангрэс. Малітоўны сход пройдзе пад дэвізам «Ідзі і адбудуй дом Мой» (FF 1038) і стане прасторай для супольнага разважання над духоўнай спадчынай Асізскага Бедняка, братэрскай сустрэчы і праслаўлення Бога за дар ягонай харызмы Касцёлу і свету.
Гэта выдатная магчымасць дакрануцца да невычэрпнай крыніцы францішканскай духоўнасці, пазнаць бліжэй постаць Святога з Асізі, а таксама пазнаёміцца з жыццём і дзейнасцю яго сучасных паслядоўнікаў на беларускай зямлі.
Удзельнікаў чакаюць не толькі новыя веды, але і сапраўдная супольнасць. Арганізатары падрыхтавалі насычаны дзень: ад урачыстай святой Імшы і тэматычных канферэнцый да малітвы адарацыі з разважаннямі і спевамі.
Асаблівую атмасферу ствараць тэатральнае прадстаўленне і канцэрт францішканскай музыкі. Акрамя таго, на тэрыторыі санктуарыя разгорнецца гасцінны намет «У капуцына» і кірмаш. Для найменшых удзельнікаў Caritas падрыхтаваў гульнявую пляцоўку, каб свята было цікавым для сем’яў з дзецьмі.
Цэнтральнай падзеяй кангрэсу стане святая Імша а 12.00, якую ўзначаліць Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Праграма кангрэсу
- 10.00 — прыезд, рэгістрацыя, знаёмства;
- 11.00 — канферэнцыя: «Актуальнасць францішканскай харызмы ў сучасным свеце»;
- 12.00 — урачыстая Эўхарыстыя;
- 13.00 — абед;
- 14.00 — канферэнцыя: «Францішкане ў Беларусі: гісторыя і дзейнасць»;
- 15.00 — адарацыя / забаўляльная праграма для дзяцей;
- 15.40 — тэатральнае прадстаўленне «Гісторыя пра святога Францішка»;
- 16.30 — канцэрт францішканскай музыкі;
- 17.30 — літанія да святога Францішка і благаслаўленне рэліквіямі.
Як трапіць на кангрэс
Для ўдзелу ў мерапрыемстве неабходна да 10 верасня запоўніць анкету рэгістрацыі ў Google-форме па спасылцы або скарыстацца QR-кодам на афіцыйным плакаце ніжэй. Спасылка для рэгістрацыі ТУТ>>>.
Кантактная інфармацыя:
брат Вадзім: +375 (29) 948-19-06
брат Павел: +39 352 416 2578 (Telegram, WhatsApp)
e-mail: br.vadzim@gmail.com, pawel07kuzka@gmail.com
За навінамі можна сачыць у Instagram: @budslau_congress_2026.
Арганізатары сардэчна запрашаюць да ўдзелу ў кангрэсе.








