
У суботу 8 жніўня ў парафіі святога Казіміра ва Уселюбе (Гродзенская дыяцэзія, Навагрудскі дэканат) адбудзецца фестываль-рэкалекцыі NOVAFEST.
Тэма сёлетняга фестывалю — «Звярніцеся да Мяне ўсім сэрцам сваім» (Ёэл 2, 12).
Прарок Ёэль настойліва раіць звярнуцца да Бога ў часе пагрозы, небяспекі і страху, бо «Пан міласэрны і ласкавы, доўгацярплівы і шматміласцівы» (Пс 145 (144), 8).
Часам мы звяртаемся да Бога, як да апошняй інстанцыі ў паратунку ад бяды.
А мы чуем: Бог шкадуе, што Ён вымушаны даць спазнаць чалавецтву горкія наступствы яго грахоў, каб Яго любімыя дзеці звярнуліся да Таты. Чаму чалавек не звяртаецца да Бога без «прымусу», у часе супакою і дабрабыту?
А што, калі змяніць прывычны парадак нашага мыслення: не выдаваць да рэшты ўсе свае сілы, і, знямогшыся, потым звяртацца да Бога, а наадварот? Што, калі наладзіць прывычку быць «на сувязі» з Богам праз увесь дзень, кожны дзень, каб Ён направіў шлях, падказаў, суцешыў, даў супакой, проста быў побач, каб дзякаваць і прасіць, сумаваць і радавацца, дзяліцца ўспамінамі і марыць разам з Ім, і перш за ўсё з Ім — вось так бясхітрасна звяртацца сваім сэрцам да Божага Сэрца?
Знайсці адказы на гэтыя і іншыя пытанні дапамогуць спікеры: айцец Аляксандр Жарнасек MIC, ксёндз Віталій Цыбульскі.
Фестываль можна наведваць з дзецьмі. У гэтым годзе малодшых удзельнікаў чакаюць пляцоўкі для гульняў і розныя цікавыя заняткі. Удзельнікі да 18 год могуць прыняць удзел толькі з дарослымі бацькамі ці роднымі, альбо ў суправаджэнні апекуна з дазволам ад бацькоў.
Сцэна фестывалю знаходзіцца на вуліцы, таму арганізатары рэкамендуюць браць з сабой карымат, капялюш і парасон.
Праграма фестывалю
- 10.00 — заезд удзельнікаў, споведзь,
- 11.00 — урачыстая Святая Імша,
- 13.00 — канферэнцыя «Мудрасць сэрца», частка 1 (ксёндз Аляксандр Жарнасек),
- 14.00 — абед, вольны час,
- 15.00 — Вяночак да Божай Міласэрнасці,
- 15.30 — духоўнае аднаўленне,
- 16.30 — канферэнцыя «Мудрасць сэрца», частка 2 (ксёндз Аляксандр Жарнасек),
- 17.30 — Малітва ў руху: танцы,
- 18.00 — сведчанні: Бог у маёй гісторыі,
- 19.00 — Крыжовы шлях Via Crucis,
- 20.30 — Ружанец і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту,
- 22.00 — благаслаўленне.
Для ўдзелу ў фестывалі неабходна зарэгістравацца па спасылцы ТУТ>>>
Адрас: касцёл святога Казіміра, вул. Чырвонаармейская 20, аг. Уселюб, Навагрудскі р-н, Гродзенская вобл.
Дабрацца на месца правядзення фестывалю можна на аўтамабілі. У гэтым годзе не будзе арганізаванага аўтобуса з Мінска і Гродна. Арганізатары запрашаюць арганізаваць аўтапілігрымкі са сваіх парафій і прыязджаць разам.
Сачыць за навінамі можна на сайце фестывалю novafest.by і ў інстаграм.







