
7 лютага ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Будславе, калі ў першую суботу месяца праходзіць пяты дзень Агульнабеларускай навэнны «Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!», адзначаецца таксама Агульнабеларускі дзень кансэкраванага жыцця.
Кансэкраваныя асобы і ўсе жадаючыя ў гэты дзень сустракаюцца ў Будславе на супольнай малітве за законных айцоў, братоў і сясцёр, а таксама з нагоды падрыхтоўкі да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста і як выраз удзячнасці Богу за 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
Праграма сустрэчы
- 11.00 — выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і Фацімскі Ружанец;
- 12.00 — святая Імша з аднаўленнем манаскіх абяцанняў, якую ўзначаліць Адказны за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця пры ККББ біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB; перапынак;
- 14.00 — тэматычны даклад;
- 15.00 — Вяночак да Божай Міласэрнасці з разважаннем, Літанія да Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста, Малітва да Крыві Хрыстовай.
Youtube-канал «Budslau» вядзе прамую трансляцыю падзеі.







