Пошук

03.02.2026 16:25   Catholic.by

Выява ілюстрацыйная

7 лютага ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Будславе, а таксама ў парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пройдуць набажэнствы ў пяты дзень Агульнабеларускай навэнны, дзякуючы якой Касцёл у Беларусі рыхтуецца да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста і якая з'яўляецца выразам удзячнасці Богу за 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Нагадаем, што з распараджэння арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі па ініцыятыве Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з 4 кастрычніка 2025 года па 6 чэрвеня 2026 года ў галоўным беларускім марыйным санктуарыі і ў парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбываецца Агульнабеларуская навэнна «Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!»

«Праз набажэнства да Найдаражэйшай Крыві будзем дзякаваць Богу за Яго літасць да свету і да нашай Айчыны, да ўсіх нас, нашых сем’яў і супольнасцяў, дзякаваць за плён аднаўлення структураў Касцёла ў Беларусі, а таксама будзем прасіць аб спакоі ў свеце, давяраючы Яму лёс свету і лёс кожнага чалавека, лёс нашай краіны»,

— тлумачыць мэту правядзення Навэнны арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Асноўным днём, прызначаным для супольнай цэлебрацыі Эўхарыстыі і набажэнства, прысвечанага Найдаражэйшай Крыві Хрыста, з'яўляецца кожная першая субота месяца на працягу ўсяго перыяду падрыхтоўкі  да ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе, якая адбудзецца 4 ліпеня 2026 года.

Адказным за правядзенне пятага дня навэнны ў Будславе вызначанае Аб’яднанне вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў і інстытутаў кансэкраванага жыцця.

Заклік навэнны на люты 2026 года: «Кроў Хрыста, мужнасць мучанікаў, — выбаў нас».

Інтэнцыя: Молімся аб пакліканні да святарскага і кансэкраванага жыцця, за тых маладых людзей, якія пачулі ў сваім сэрцы голас паклікання, каб адважна ішлі за Хрыстом, а таксама аб вытрываласці і святасці для ўсіх, хто служыць Хрысту.

Парадак навэнны

  • Ружанец;
  • святая Імша (у Будславе);
  • перапынак / пасілак (у Будславе);
  • даклад прадстаўніка адказнай манаскай кангрэгацыі ці ордэну (у Будславе);
  • разважанні на кожны дзень навэнны;
  • Вяночак да Божай Міласэрнасці;
  • Літанія да Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста;
  • Малітва да Крыві Хрыстовай.

Тэксты набажэнстваў на паасобныя першыя суботы, падрыхтаваныя выдавецтвам «Про Хрысто», будуць змяшчацца ў часопісе «Ave Maria», а таксама на інтэрнэт-старонках: сatholic.bycatholicminsk.byave-maria.by. Таксама ў выдавецтве выйшла кніжка з тэкстамі навэнны «Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!».

Вокладка кнігі з тэкстамі навэнны ад выдавецтва «Про Хрысто»

Тэксты для друку

  • Набажэнства на 7 лютага 2026 года ў фармаце .DOC>>> і .PDF>>>.
  • Парадак Навэнны і План наведвання Нацыянальнага санктуарыя Марыі ў Будславе і правядзення набажэнстваў у парафіях у фармаце .DOC>>> і .PDF>>>.
  • Ружанец перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі ў рамках Навэнны у фармаце .DOC>>> і .PDF>>>.
  • Разважанні на кожны дзень Навэнны у фармаце .DOC>>> і .PDF>>>.
Абноўлена 03.02.2026 16:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця