
Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі накіроўвае віншавальнае слова да ўдзельнікаў Усебеларускага Дня падзякі за дар паклікання кансэкраваных асобаў Каталіцкага Касцёла Беларусі, што сабраліся 7 лютага ў духоўным цэнтры беларускіх католікаў — Нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Будславе, а таксама да ўсіх вернікаў, што бяруць удзел у парафіях Мітраполіі ў набажэнстве пятага дня Агульнабеларускай навэнны, падчас якой Касцёл у Беларусі рыхтуецца да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста і якая з'яўляецца выразам удзячнасці Богу за 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
Нагадаем, што з распараджэння арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі па ініцыятыве Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з 4 кастрычніка 2025 года па 6 чэрвеня 2026 года ў галоўным беларускім марыйным санктуарыі і ў парафіях адбываецца Агульнабеларуская навэнна «Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!».
Адказным за правядзенне навэнны ў Будславе ў гэтым месяцы з’яўляецца Аб’яднанне вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў і інстытутаў кансэкраванага жыцця Беларусі.
Дарагія сёстры і браты!
У сваім Апостальскім лісце «Вернасць, якая нараджае будучыню», які быў апублікаваны 8 снежня 2025 года ў Ватыкане з нагоды 60-й гадавіны саборавых Дэкрэтаў Optatam totius і Presbyterorum ordinis, Папа Леў XIV піша:
«Кожнае пакліканне — дар ад Айца, які трэба верна берагчы ў дынаміцы няспыннага навяртання. Паслухмянасць свайму пакліканню будуецца кожны дзень праз слуханне Божага слова, цэлебрацыю сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстычнай Ахвяры, праз евангелізацыю, блізкасць да найменшых, святарскае братэрства — ва ўсім з апорай на малітву як найважнейшае месца сустрэчы з Панам. Кожны дзень святар быццам вяртаецца на бераг Галілейскага мора, дзе Езус спытаў Пятра: “Ці любіш ты Мяне?” (Ян 21, 15), каб аднавіць сваё “так”».
Мае дарагія! Гэтыя словы Пантыфіка маюць свайго адрасата і адносна Вас, асаблівым чынам пакліканых Панам.
Святы Айцец Леў XIV 2 лютага 2026 года, узначальваючы цэлебрацыю святой Імшы з нагоды свята Ахвяравання Пана і XXX Сусветнага дня кансэкраванага жыцця, устаноўленага ў 1997 годзе Янам Паўлам ІІ, нагадаў усім нам:
1. Быць закваскай міру і знакам надзеі. Ён заўважыў, што, наследуючы Хрыста і прымаючы ўдзел у Яго «самаадрачэнні», законнікі і законніцы змогуць «са свабодай тых, хто любіць і прабачае без меры, паказаць свету шлях, які дазваляе пераадольваць канфлікты і сеяць зерні братэрства».
2. Пётр нашага часу акрэсліў Вас прарокамі і пасланымі, якія рыхтуюць шлях Езусу. Пантыфік адзначыў, што Касцёл просіць кансэкраваных асоб быць прарокамі: пасланнікамі, якія абвяшчаюць прысутнасць Пана і рыхтуюць Яму шлях, каб Хрыстус, прысутны і сёння сярод людзей, мог пераўтвараць і ачышчаць сэрцы сваёй любоўю, ласкай і міласэрнасцю.
3. Пантыфік прасіў Вас наследаваць прыклад вашых заснавальнікаў, якія чэрпалі сілы ў Эўхарыстыі, малітве і адарацыі. Папа Леў заахвоціў Вас: «Сведчыць, што малады, стары, бедны, хворы, вязень перадусім маюць сваё святое месца на Яго Алтары і ў Яго Сэрцы і што адначасова кожны з іх з’яўляецца недатыкальным санктуарыем Божай прысутнасці, перад якім трэба схіліць калені, каб сустрэць Яго, пакланіцца Яму і праславіць Яго».
4. Пантыфік заахвоціў супольнасці ў зонах канфліктаў: «Глядзіце, не пагарджайце ніводным з тых малых, бо анёлы іх у нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго» (Мц 18,10).
5. Папа Леў заахвоціў клапаціцца пра зямныя справы з надзеяй на вечнасць: «Кансэкраванае жыццё, з уласцівым яму адрачэннем ад усяго, што прамінае, вучыць клапаціцца пра зямную рэальнасць з любячай надзеяй на вечную рэальнасць, выбраную ўжо ў гэтым жыцці як канчатковую і адзіную мэту, здольную асвятліць усё астатняе».
6.Пантыфік заўважыў, што евангельская сцэна Ахвяравання Пана з’яўляецца «Іконай місіі законнікаў і законніц у Касцёле і свеце». Таму прасіў Вас, што як Хрыстус аддае сябе без прымусу, з ціхай, раззбройваючай бескарыслівасцю, так і кансэкраваныя асобы прыносяць у дар жыццё, будучы ўкаранёнымі ў малітве і гатовымі да поўнай самаахвярнасці ў любові.
Мае дарагія сёстры і браты! З падзякай за Вашае служэнне молімся аб пакліканні да святарскага і кансэкраванага жыцця, за тых маладых людзей, якія пачулі ў сваім сэрцы голас паклікання, каб адважна ішлі за Хрыстом, а таксама аб вытрываласці і святасці для ВАС усіх, хто служыць Хрысту на ніве Беларускага Касцёла, наследуючы харызмат свайго Заснавальніка ці Заснавальніцы.
Аддзяч Вам Бог за вашае служэнне.
З благаслаўленнем
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Ваш брат!







