У суботу 25 студзеня ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя пройдзе экуменічнае набажэнства з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій.
Як адзначае Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, яно будзе праведзена на заканчэнне Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў.
Пачатак набажэнства ў 18.00, узначаліць яго біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
На YouTube-канале гродзенскай катэдры будзе весціся прамая трансляцыя набажэнства.
Пастыр дыяцэзіі запрашае на набажэнства ўсіх ахвотных — прадстаўнікоў і вернікаў розных канфесій горада Гродна i наваколля. Удзельнікі будуць сумесна маліцца аб дары адзінства і супрацоўніцтва, аб тым, каб быць разам перад выклікамі сучаснасці і несці грамадству дух салідарнасці і надзеі.
Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў, які праводзіцца з 1968 года, праходзіць ва ўсім свеце з 18 па 25 студзеня. Сёлета ён адбываецца пад дэвізам «Ці верыш у гэта?» (Ян 11, 26) і прысвечаны 1700-годдзю з часу Нікейскага Сабору, на якім быў зацверджаны першы Сімвал хрысціянскай веры.
На Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў рыхтуюцца спецыяльныя матэрыялы з біблійнымі тэкстамі, малітвамі, прапановамі набажэнстваў. З 1975 года іх штогод рыхтуюць хрысціяне розных краін. Сёлета матэрыялы падрыхтаваныя братамі і сёстрамі з манаскай супольнасці ў Базэ (Паўночная Італія).