У нядзелю 19 студзеня, у другі дзень Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў, у касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі (Мінска-Магілёўская архідяцэзія, дэканат Мінск-Захад) адбудзецца святая Імша і экуменічнае набажэнства.
Цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі адзінства хрысціянаў перад экуменічным набажэнствам узначаліць арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
- Пачатак у 12.00
На YouTube-канале заслаўскай парафіі даступная прамая трансляцыя з касцёла.
Тэма сёлетняга Тыдня малітваў адзінстве хрысціянаў: «Ці верыш у гэта?» (Ян 11, 26). Другі дзень будзе прысвечаны разважанню над стварэннем як справай Бога.
На экуменічную малітву запрошаны прадстаўнікі і вернікі розных канфесій Беларусі, каб сумесна маліцца аб дары адзінства і супрацоўніцтва, каб быць разам перад сучаснымі выклікамі свету і несці дух салідарнасці і надзеі ўсяму беларускаму грамадству.
Штогод з 18 па 25 студзеня хрысціяне ўсяго свету ўдзельнічаюць у Тыдні малітваў аб адзінстве. Тыдні малітвы аб адзінстве хрысціянаў, якія рыхтуе Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству, праходзяць з 1968 года. На гэты тыдзень рыхтуюцца спецыяльныя матэрыялы з біблійнымі тэкстамі, малітвамі, прапановамі набажэнстваў. З 1975 года матэрыялы штогод рыхтуюць хрысціяне розных краін.