У юбілейным 2025 годзе ў сталіцы працягваецца малітоўная ініцыятыва «Дні цішыні для Мінска», арганізаваная ксяндзамі хрыстусоўцамі.
«Юбілеі — каштоўныя моманты для падвядзення вынікаў нашага жыцця — як асобных людзей, так і супольнасцяў. Яны таксама з’яўляюцца нагодай для разважання і слухання таго, што кажа нам сёння Святы Дух», — нагадваюць арганізатары малітоўнай ініцыятывы словы Папы Францішка, якія ён напісаў напярэдадні распачацця Юбілею Святога 2025 года.
Адказваючы на заклік Пантыфіка, ксяндзы хрыстусоўцы запрашаюць у юбілейным годзе глыбей увайсці ў своеасаблівы спосаб малітвы, якім ёсць lectio divina, далучыўшыся да малітоўнай ініцыятыву «Дні цішыні для Мінска».
Гэта два дні — субота і нядзеля, — калі ўдзельнікі ў поўнай цішыні засяродзяцца на Божым Слове.
Паводле арганізатараў, у сённяшнім гучным і хуткім свеце гэта будзе нібы аазіс, абаронены ад штодзённага стрэсу, дзе малітва становіцца падсілкаваннем хрысціянскага жыцця веры, надзеі і любові.
Даты правядзення «Дзён цішыні для Мінска»:
- 18–19 студзеня;
- 22–23 лютага;
- 22–23 сакавіка.
Узяць удзел можа кожны дарослы хрысціянін.
- Запіс на студзеньскія «Дні цішыні для Мінска» па спасылцы ТУТ>>>
«Жадаем, каб удзел у гэтай малітоўнай ініцыятыве быў часам, каб даведацца, як маліцца і, перш за ўсё, як выхоўваць нас, сучасных людзей, у малітве ў эпоху лічбавай культуры», — выказваюць пажаданне арганізатары.
- Кошт удзелу – 80 руб.
- Колькасць месцаў абмежаваная.
- Месца правядзення: Хрысціянскі сацыяльны цэнтр (г. Мінск, вул. Серафімовіча, 19).
- Тэлефон для даведак: +375 (33) 605 41 67 – кс. Андрэй Лысы SChr