29 снежня ў свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску адбудзецца ўрачысты абрад адкрыцця Юбілею Святога 2025 года.
Урачысты абрад і цэлебрацыю святой Імшы ў касцёле, прызначаным адной з юбілейных святыняў, узначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
- Пачатак а 13-й гадзіне.
- Анлайн-трансляцыя з катэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі даступная ТУТ>>>
«Хто мае надзею, той адважна крочыць у будучыню. Святы Юбілейны год, які ва ўрачыстасць Божага Нараджэння распачаў Папа Францішак у Рыме, адкрыўшы Святыя дзверы базілікі святога Пятра, з’яўляецца часам распальвання надзеі, часам адкрыцця яе сілы ў нашым жыцці.
Таму сардэчна запрашаю ўсіх на ўрачыстасць пачатку Юбілейнага года ў нашай архідыяцэзіі.
Будзем разам у гэты дзень як „Пілігрымы надзеі“. Дазволім Богу дзейнічаць у нашым жыцці, а праз нас у жыцці нашых сясцёр і братоў, бо пакуль полымя любові Хрыстовай гарыць у нашых сэрцах, тым, хто крочаць побач з намі, холад нявер’я не можа пагражаць.
Браты і сёстры! Няхай гэты асаблівы год ласкі ўмацуе нас у крочанні за Хрыстом, які з’яўляецца Непагасным Светачам свету, як было заўсёды, цяпер і будзе на векі вечныя», — напісаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў скіраваным да духавенства і вернікаў архідыяцэзіі звароце.