Пошук

09.10.2024 10:10   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота Уладзіслава Зарэцкага ASC

Напрыканцы кастрычніка стартуе фармацыйная праграма для святароў і манаскіх асобаў, якія нясуць служэнне ў парафіях і манаскіх супольнасцях Беларусі.

Праграма была прадстаўлена і ўхвалена пленарным сходам вышэйшых настаяцеляў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі. Яна скіравана на ўсебаковае развіццё і павышэнне кваліфікацыі духавенства — як манаскага, так і дыяцэзіяльнага — і ставіць за мэту забяспечваць яго новымі ведамі і ўменнямі, неабходнымі для паспяховага служэння ў сучасных умовах.

Узяць удзел у праграме «Узмацненне кампетэнцый духавенства Беларусі» могуць усе ахвотныя духоўныя і кансэкраваныя асобы.

У 2022 годзе ў праграме бралі ўдзел толькі кансэкравныя асобы, а праз год далучыцца да іх атрымалі магчымасць таксама прадстаўнікі дыяцэзіяльнага духавенства.

У межах праграмы прадугледжана фармаванне спецыялізаваных груп па наступных кірунках:

1. Настаяцелі супольнасцяў і пробашчы парафій.

Фармацыйная праграма для настаяцеляў супольнасцяў і пробашчаў парафій скіравана на развіццё ўменняў эфэктыўнага кіравання. Асаблівая ўвага ў праграме ўдзелена развіццю і паляпшэнню камунікацыі ўнутры супольнасці, а таксама паміж настаяцелем і членамі супольнасці. Удзельнікі праграмы будуць паглыблена вывучаць свецкае і кананічнае права, псіхалогію, а таксама мастацтва будавання даверлівых і адкрытых адносін.

Эфектыўная камунікацыя разглядаецца як ключавы элемент паспяховага кіраўніцтва.

У межах праграмы настаяцелі і пробашчы набудуць навыкі, неабходныя для актыўнага ўзаемадзеяння з членамі супольнасці, што будзе спрыяць стварэнню атмасферы ўзаемаразумення і супрацоўніцтва.

Асаблівая ўвага будзе ўдзелена развіццю здольнасці пробашча слухаць і разумець патрэбы сваіх парафіянаў, а таксама мастацтву данясення важных рашэнняў і зменаў такім чынам, каб яны былі ўспрыняты з даверам і падтрымкай.

Праграма таксама акцэнтуе ўвагу на важнасці ўзаемадзеяння з духоўнымі і свецкімі асобамі, што дазваляе настаяцелю эфектыўна кіраваць супольнасцю, улічваючы ўсе аспекты яе жыцця.

Удзельнікі навучацца вырашаць канфлікты, будаваць пазітыўныя ўзаемаадносіны і матываваць членаў супольнасці да актыўнага ўдзелу ў яе жыцці.

2. «Смелыя жанчыны».

Праграма фармацыі для сясцёр законных пад назвай «Смелыя жанчыны» прапануе ўсебаковы падыход да развіцця і ахоплівае ключавыя аспекты, неабходныя для духоўнага і асабістага ўзрастання.

У межах праграмы ўдзельніцы будуць вывучаць пастаноўку мэт, развіццё прафесійных і асабістых кампетэнцый, а таксама засвояць эфектыўныя тэхналогіі тайм-мэнаджмэнту і навыкі камунікацыі.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца вывучэнню асноваў свецкага і кананічнага права, што дазволіць лепш разумець і прымяняць гэтыя веды ў штодзённым жыцці.

Дадаткова праграма ўключае тэмы, якія датычацца фізіялогіі, чалавечай ідэнтычнасці і духоўнага жыцця, што спрыяе ўзмацненню духоўнай і асабістай сталасці. Такі комплексны падыход забяспечвае гармнічнае развіццё і дапамагае законніцам ўпэўнена трымацца свайго паклікання.

Кожная з гэтых праграм распрацавана з улікам сучасных патрабаванняў і выклікаў, з якімі сутыкаюцца прадстаўнікі духавенства і манаскага жыцця ў сваёй штоддзённай дзейнасці.

Арганізатары ўпэўнены, што ўдзел у гэтай праграме дазволіць духоўным і манаскім асобам значна павысіць свае кампетэнцыі і паспяхова спраўляцца з новымі задачамі.

Агульная інфармацыя:

  • Фармат сустрэч вочны, абавязкова таксама самастойная работа.
  • Перыядычнасць сустрэч — раз на месяц, кожны трэці панядзелак месяца.
  • Пачатак фармацыі — 21 кастрычніка 2024 года.
  • Час правядзення — з 10.00 да 17.00.
  • Выніковая канферэнцыя — 20 кастрычніка 2025 года.

Для ўдзелу ў фармацыйнай праграме неабходна да 19 кастрычніка прайсці анлайн-рэгістрацыю ТУТ>>>

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па электроннай пошце:
catholicstudybel@gmail.com

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця