Пошук

18.09.2024 07:50   Catholic.by

29 верасня, ва ўрачыстасць святога Арханёла Міхала, у Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) у касцёле, які носіць яго тытул, ахвотныя змогуць прыняць адмысловы шкаплер — бачны знак заступніцтва Князя нябесных войскаў.

Абрад ускладання шкаплеру здзейсніць пробашч навагрудскай парафіі святога Арханёла Міхала ксёндз Юрый Жэгарын, які атрымаў на гэта благаслаўленне генеральнага настаяцеля законніцкай супольнасці міхалітаў.

Пачатак у 10.00.

Шкаплер — гэта перш за ўсё бачны знак даверу святому Арханёлу Міхалу. Ён складаецца з дзвюх частак у форме шчыта. Частка шкаплера, якая спадае на плечы, азначае паставу адданасці Божай волі, вытрымку ў выпрабаваннях. Пярэдняя частка, якая спадае на грудзі, нагадвае, што сэрца носьбіта шкаплера павінна палымнець любоўю да Бога і бліжняга, азначае адмову ад эгаізму і прывязанасці да зямных спраў і каштоўнасцяў.

Нашэнне шкаплера павінна нагадваць аб хрысціянскіх абавязках, упэўненасці, што мы маем вялікага заступніка і абаронцу. Шкаплер з’яўляецца яшчэ адным выразам і сведчаннем веры.

Нашэнне шкаплера дае наступныя ласкі:

  • абарону духоўнай свабоды ў Хрысце і абарону святога Касцёла, часткай якога з’яўляюся;
  • ласку добрай споведзі для сябе і іншых, духоўную моц у барацьбе з залежнасцямі, мудрасць, розум у распазнанні хлуслівых вучэнняў;
  • пакору сэрца, устрыманне, узрастанне ў веры;
  • энтузіязм і моц духу ў распаўсюджванні Божага Валадарства ў свеце;
  • збаўленне душаў чысцовых;
  • атрыманне адпустаў;
  • ласку добрай смерці.

Шкаплер ні ў якім впадку не з’яўляецца абярэгам або талісманам. Сам факт яго нашэння не вызваліць чалавека ад розных знешніх і ўнутраных праблем і не гарантуе «аўтаматычнага» збаўлення.

Умовы прыняцця і нашэння шкаплера:

  • прыняць шкаплер з рук святара або дыякана па благаслаўленні генеральнага настаяцеля законніцкай супольнасці міхалітаў;
  • насіць яго пастаянна на сабе;
  • маліцца штодзённым простым экзарцызмам папы Льва ХІІІ: «Святы Арханёле Міхале! Беражы нас у змаганні! Будзь нам абаронаю супраць спакусы і пастак злога духа. Пакорна просім: няхай яго знішчыць Пан Бог, а ты, Князю войска нябеснага, магутнасцю Божай скінь у пекла шатана і іншых злых духаў, якія на згубу душ снуюць па свеце. Амэн».

Каб падрыхтавацца да прыняцця шкаплера, неабходна прыступіць да сакрамэнтальнай споведзі і быць у стане атрымаць ласкі адпусту.

Шкаплер святога Арханёла Міхала можа прыняць кожны ахвотны, незалежна ад месца пражывання. Кожны год, каб прыняць шкаплер, у Навагрудак прыязджаюць людзі з розных кутокў Беларусі.

Шкаплер могуць прыняць нават людзі, якія жывуць у несакрамэнтальнай сувязі (без шлюбу), аднак неабходна мець вялікае жаданне, каб святы Арханёл Міхал дапамог ім вырашыць гэтую праблемы. Акрамя таго, няма ніякіх перашкодаў, каб шкаплер прымалі малыя дзеці, хоць пажадана, каб яны былі ва ўзросце, калі ім зразумелыя асноўныя праўды веры — найлепш пасля прыняцця Першай Камуніі.

Дапускаецца, каб бачны знак аховы ад Арханёла Міхала прыняла ўся сям’я, нават і тыя члены, якія былі ахрышчаны ў Праваслаўнай Царкве.

  • Зацікаўленым у атрыманні шкаплера неабходна скантактавацца па тэл.:
    +375 (44) 552 21 99
Абноўлена 18.09.2024 07:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа