Пошук

Кардынал К. Свёнтэк адкрывае каледж у Баранавічах. Архіўнае фота

21 верасня Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах будзе адзначаць 15-годдзе сваёй плённай дзейнасці.

Дзень 3 кастрычніка 2009 года стаў адметнай датай у найноўшай гісторыі Каталіцкага Касцёла на Беларусі. У гэты дзень у Баранавічах афіцыйна распачала сваю дзейнасць першая каталіцкая тэалагічная ўстанова для свецкіх.

І хоць ініцыятыва па яе стварэнню сягае пачаткаў 1990-х, то менавіта дзякуючы намаганням кардынала Казіміра Свёнтка, манаскай супольнасці місіянераў Божага Слова і святароў Пінскай дыяцэзіі — ксяндза Андрэя Рылкі і ксяндза Алега Сількевіча — Катэхетычны каледж не толькі распачаў сваю духоўна-адукацыйную дзейнасць, але і праклаў шлях для паспяховага існавання ў наш час падобных установаў у Мінску і Гродне.

Сёння Катэхетычны каледж у Баранавічах — гэта ўнікальная тэалагічная ўстанова для свецкіх асобаў, дзе кожны ахвотны можа бясплатна на працягу трох гадоў навучання атрымаць грунтоўную тэалагічную адукацыю, а таксама паглыбіць свае веды ў галіне філасофіі, псіхалогіі і рэлігіязнаўства.

Сёння ў Катэхетычным каледжы ў Баранавічах можна атрымаць адукацыю па наступных спецыялізацыях:

  1. «Катэхетыка» — прадугледжана для асобаў, якія жадаюць пасля заканчэння ўстановы працаваць у парафіях у якасці катэхета (выкладчыка катэхізіса).
    Дадаткова на гэтай спецыялізацыі можна атрымаць наступныя кваліфікацыі:
    • арганізатар літургіі,
    • арганізатар рэлігійнага турызму і адпачынку,
    • супрацоўнік каталіцкіх СМІ.
  2. «Агульная тэалогія» — прадугледжана для асобаў, якія жадаюць паглыбіць сваю веру і веды, вывучаючы каталіцкую тэалогію.
  3. «Сямейнае кансультаванне» — прадугледжана для асобаў, якія жадаюць на прафесійным узроўні дапамагаць душпастырам у вырашэнні разнастайных духоўных і маральных пытанняў, звязаных з сужэнскім і сямейным жыццём вернікаў.
  4. «Кансультаванне ў галіне залежнасцяў»  — прадугледжана для асобаў, якія жадаюць на прафесійным узроўні дапамагаць душпастырам у вырашэнні разнастайных духоўных і маральных праблем, звязаных з разнастайнымі залежнасцямі і сузалежнасцямі.

Пры гэтай тэалагічнай установе дзейнічае ўнікальны для Беларусі «Музей Бібліі», дзе кожны ахвотны можа навочна і падрабязна пазнаёміцца з гісторыяй узнікнення, захавання і перадачы з пакалення ў пакаленне тэкстаў Святога Пісання.

7 верасня ў Катэхетычным каледжы ў Баранавічах адбудзецца ўступны экзамен.

Усе хто, жадае паглыбіць свае веды ў галіне Святога Пісання, тэалогіі, дапамогі людзям у іх духоўных і маральных клопатах, а таксама пазнаць таямніцы хрысціянскай веры, могуць падрабязна пазнаёміцца з умовамі навучання ТУТ>>> або на інтэрнет-старонцы каледжа: Сatcollege.by ці па тэлефоне сакратарыяту гэтай установы:

Дырэкцыя Катэхетычнага каледжа запрашае ўсіх навучэнцаў, выкладчыкаў, выпускнікоў і сяброў гэтай установы на супольную святую Імшу падзякі за 15 гадоў яе паспяховай дзейнасці.

Святая Імша адбудзецца 21 верасня ў 16.00 у капліцы каледжа (г. Баранавічы, вул. Т. Шаўчэнкі, 6).

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.