Пошук

08.07.2024 10:10   Казімір Варановіч / Catholic.by
Фота кс. Аляксандра Уласа

У суботу 27 ліпеня пры крыніцы святога Якуба, што ў вёсцы Тракелі на тэрыторыі парафіі Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дайлідках (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат), адбудзецца традыцыйная адпустовая ўрачыстасць.

  • Урачыстую цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліць Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB з Магілёва.
  • Пачатак у 12.00.
  • З нагоды ўспаміну святога Крыштафа пасля Імшы адбудзецца благаслаўленне кіроўцаў і транспартных сродкаў.

Крыніца святога Якуба — адзіная з такой назвай у Беларусі — з’яўляецца пачаткам шляху пілігрымкі з нашай краіны ў Сант’яга-дэ-Кампастэла, да рэліквій святога апостала Якуба.

Вада з крыніцы з даўніх часоў лічыцца гаючай.

У змрочныя савецкія часы ваяўнічага атэізму гэтае незвычайнае месца культу спрабавалі знішчыць, аднак жыватворчая вада Божай Праўды прабілася праз нагрувашчаныя завалы хлусні і насілля. Намаганнямі мясцовых вернікаў на чале з іх шматгадовым душпастырам ксяндзом Алегам Шпенем удалося расчысціць і аднавіць крыніцу каля вёскі Тракелі. Адшукаць адпаведныя дакументы пра «водную святыню» дапамог біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Пры крыніцы ў свята святога апостала Якуба традыцыйна адбываюцца адпустовыя ўрачыстасці. У 2014 годзе крыніцу наведаў біскуп Юзаф Станеўскі. У 2017 годзе адпустовую ўрачыстасць тут узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, у 2019 годзе — біскуп Юрый Касабуцкі, а летасць — біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. 24 ліпеня 2022 года з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага тут урачыста адзначылі 200-годдзе з часу пабудовы на крыніцы першай капліцы.

Даехаць да крыніцы можна на асабістым транспарце. Даезд ад Дайлідак (з боку Астраўца ў бок Солаў) да вёскі Тракелі, дзе ёсць указальнікі да крыніцы Якуба.

Дайлідскія парафіяне на чале з пробашчам ксяндзом Алегам Шпенем, які сёлета адзначае 25-гадовы юбілей святарства, шчыра запрашаюць усіх ахвотных узяць удзел у супольнай малітве пры крыніцы. Будзе магчымасць набраць крынічнай вады ў свой посуд.

Абноўлена 08.07.2024 14:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа