11–12 мая ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) ўпершыню ў Беларусі пройдзе хрысціянскі ІТ-хакатон, удзельнікі якога будуць распрацоўваць праекты на мяжы сфер інфармацыйных тэхналогій і хрысціянства.
Хакатон — гэта спаборніцтва, на якім спецыялісты са сферы ІТ аб’ядноўваюцца ў каманды, каб вырашыць пэўную праблему або стварыць новы праект за абмежаваны час.
Наогул, гэта ўжо не новая ініцыятыва для Каталіцкага Касцёла: у Ватыкане хакатон упершыню прайшоў у 2018 годзе.
Тэма першага беларускага хрысціянскага хакатона — новая евангелізацыя.
«Новая евангелізацыя заключаецца не ў пропаведзі новага паслання. Гаворка ідзе пра вяртанне да „першага кахання“, каб мы зноў маглі перажыць радасць прысутнасці і блізкасці Божай любові ў сваім жыцці», — казаў Папа Бэнэдыкт XVI.
Пра амбіцыёзны праект хрысціянскіх «айцішнікаў» Беларусі рспавяла ў эфіры «Радыё Марыя» адна з арганізатараў хакатона Дар’я Шур.
Арганізатары запрашаюць далучыцца да хакатона спецыялістаў, якія ўдзельнічаюць ў цыкле распрацоўкі IT-прадукта (распрацоўшчыкі, дызайнеры, аналітыкі) і хочуць выкарыстоўваць свае навыкі для распаўсюджвання Божага Валадарства.
Можна зарэгістравацца са сваёй камандай ці індывідуальна, з ідэяй праекта ці без яе. Пасля завяршэння рэгістрацыі арганізатары сфармуюць каманды і прапануюць ідэі праектаў.
Рэгістрацыя працягваецца да 1 мая, удзельнікаў чакаюць наступныя этапы:
- прыём заявак — да 1 мая;
- фармаванне каманд — да 5 мая;
- праца над праектам — 12 мая;
- выезд у Навагрудак — 11–12 мая.
Фінальны сход адбудзецца пры парафіі святога Арханёла Міхала ў Навагрудку, дзе ўдзельнікаў чакае насычаная праграма з канферэнцыямі, малітвай, сумесным адпачынкам, а таксама галоўным пунктам — прэзентацыяй праектаў журы.
«Пераможцы атрымаюць прыз, в ўсе ўдзельнікі атрымаюць веды і практыку па запуску праекта, фідбэк ад ментараў, натхненне і неверагодныя выходныя!» — абяцаюць арганізатары.
- Праграма і рэгістрацыя на сайце ТУТ>>>
«Калі вы як святар, сястра, ці веруючы чалавек маеце ідэю праекта, напішыце арганізатарам на пошту ці ў інстаграм ТУТ>>> Магчыма, менавіта вашу ідэю абяруць каманды і зробяць крок для яе ўвасаблення ў жыццё», — запрашаюць арагнізатары хрысціянскага хакатона.